У Асіповічах з пункта выдачы заказаў скралі цэлы сейф з грашыма

Злодзей зрабіў усё, каб яго не ідэнтыфікавалі, але пакінуў сляды.

22.08.2024 / 12:33

Фота: Дзяржкамітэт судовых экспертыз

У канцы ліпеня работнікі пункта выдачы заказаў маркетплейса выявілі, што з будынка знік цэлы сейф — унутры ляжалі 12 тысяч рублёў.

Аказалася, злодзей, які хаваў свой твар пад шапкай і шалікам, пракраўся ў пункт выдачы, адціснуўшы акно. Затым ён вырваў стальніцу, выцягнуў сейф, які знаходзіўся пад ёй, пагрузіў яго ў аўтамабіль і з'ехаў, паведамілі судэксперты.

Спецыялісты на месцы знайшлі сляды абутку, прылады ўзлому і іншыя наводкі. Па іх падазраванага і затрымалі. Ім аказаўся 41-гадовы раней судзімы мужчына.

Ён прызнаўся, што скраў сейф, а таксама паказаў месца на беразе ракі, дзе ён яго выкінуў. Дома ў мужчыны знайшлі прыладу злачынства, а таксама абутак, след ад якой ён пакінуў на месцы крадзяжу.

Nashaniva.com