Сілавікі пералавілі лідараў «праваслаўна-імперскай» секты. Будынкі бралі штурмам 

Супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС пры сілавой падтрымцы атрадаў спецпрызначэння ўнутраных войскаў і байцоў АМАПа ў розных рэгіёнах затрымалі 11 чалавек-лідараў і актыўных функцыянераў міжнароднай секты, якія адказвалі за працу беларускай ячэйкі, паведамляе МУС.

22.08.2024 / 12:48

Учора стала вядома, што суполка «Руская праваслаўная царква — царская імперыя» прызнаная экстрэмісцкім фармаваннем.

У Беларусі арганізацыя дзейнічала з мая мінулага года і налічвае каля 50 прыхільнікаў, паведамляе МУС.

Усе яны адмовіліся ад дакументаў і каштоўнасцяў на карысць абшчыны, будучы ўпэўненымі, што гэта праваслаўная царква.

Зараз правяраецца інфармацыя аб здзяйсненні ашуканскіх дзеянняў у дачыненні да грамадзян і іх маёмасці, распальванні рэлігійнай варожасці, а таксама закліках да правядзення дэструктыўных акцый, экстрэмізму, гаворыцца ў прэс-рэлізе МУС

Там зазначаюць, што заснавальнік псеўдарэлігіі — двойчы судзімы ўраджэнец Казахстана — пачынаў прасоўваць свае ідэі гвалтоўнага звяржэння дзяржаўнай улады ў 2022 годзе ў Валгаградскай вобласці. Паступова да лжэпатрыярха далучыліся расіяне з іншых рэгіёнаў, а таксама грамадзяне шэрагу краін постсавецкай прасторы. Сяліліся гэтыя людзі групамі ў глухіх вёсках, з выкарыстаннем сацыяльных сетак і ўлётак вербавалі ў свае шэрагі новых адэптаў.

Асноўным патрабаваннем для ўступлення ў арганізацыю з'яўлялася прынашэнне «клятвы вернасці да апошняй кроплі крыві імператару».

У лютым у Расіі затрымалі арганізатара руху. Яго абвінавачваюць у стварэнні некамерцыйнай структуры, праца якой спалучаная са схіленнем людзей да адмовы ад выканання грамадзянскіх абавязкаў, а таксама публічнымі заклікамі да тэрарыстычнай дзейнасці.

У дачыненні да затрыманых Следчым камітэтам Беларусі распачатыя крымінальныя справы за стварэнне экстрэмісцкага фармавання і ўдзел у ім.

Кіраўніка секты «РПЦ Царская імперыя» Засіму-Уласава арыштавалі ў Расіі. Затрыманні былі і ў Беларусі

Nashaniva.com