У Брэсцкім раёне накрылі сакрэтны пункт па вытворчасці беспілотнікаў

Учора брэсцкія памежнікі правялі агляд нежылых памяшканняў у адной з вёсак. У пабудовах выяўленыя і канфіскаваныя сем беспілотнікаў самалётнага тыпу, антэны, акумулятары, пульты кіравання, цеплавізар і іншыя камплектуючыя.

22.08.2024 / 14:10

Скрыншот відэа Памежны камітэт

Усе прадметы належаць тром грамадзянам Беларусі. У дачыненні да мужчын пачаты адміністрацыйны працэс, распавялі ў ДПК.

Зараз праводзяцца далейшыя аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы для ўстанаўлення ўсіх фактаў супрацьпраўнай дзейнасці зламыснікаў.

Нагадваем, што з 1 красавіка ўступіў у сілу ўказ Лукашэнкі «Аб дзяржаўным уліку і эксплуатацыі грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў». Дакументам забараняецца ўвоз, захоўванне, абарот, эксплуатацыю і выраб беспілотнікаў і выкарыстанне паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь без належнага дазволу. Інакш штраф да 50 базавых.

Nashaniva.com