Ля Гродна мясцовы майстар пабудаваў дакладную паменшаную копію Эйфелевай вежы проста ў сябе на ўчастку ФОТЫ
На ўсё пайшоў месяц працы. Хоць, прызнаецца мужчына, можна было змантаваць і хутчэй, піша Newgrodno.by
22.08.2024 / 14:29
Мясцовая славутасць з'явілася ў аграгарадку Гожа. Верхавіну вежы можна заўважыць нават з трасы, што вядзе ад абласнога цэнтра да пункта пропуску «Прывалка» на мяжы з Літвой, што праўда, закрытага,таму па дарозе ў асноўным ездзяць мясцовыя. А яны да вежы прывыклі.
Анатоль няпрошаным гасцям не здзівіўся, кажа, прыходзяць на фотасесію да вежы не толькі мясцовыя жыхары, бываюць і заезджыя. Фатаграфавацца ён не забараняе.
А заадно распавядае падрабязнасці аб незвычайным будынку. Вышыня вежы — 10 метраў! Гэта дакладная паменшаная копія сапраўднай Эйфелевай вежы ў маштабе 1:33.
Дарэчы, вага канструкцыі амаль дзве тоны. Сабрана яна з больш чым 2000 дэталяў. Кожная, дарэчы, выраблялася асобна.
«У гэтым і складанасць, і незвычайнасць працы, бо досыць няпроста выканаць усе прапорцыі», — распавядае майстар.
На ўсё пра ўсё патраціў месяц. Але, па словах Анатоля, можна было б і хутчэй. Проста пераключаўся на іншыя задачы. Напрыклад, верхнюю частку вежы (метры 3-4 вышынёй) ён сабраў літаральна за дзень. «Проста быў такі настрой», — адзначае мужчына.
Навошта пабудаваў вежу? Прыйшла ідэя, значыць трэба было яе рэалізаваць. Для Анатоля няма слова «немагчыма». Ён лічыць, што чалавеку ўсё пад сілу, галоўнае захацець. «Калі хтосьці будуе такія, то чаму я не змагу?» — з усмешкай пытаецца Анатоль.
Ён той самы чалавек, пра якога кажуць, маўляў, залатыя рукі. Нідзе спецыяльна не вучыўся, але матэрыял, няхай гэта будзе метал ці дрэва, адчувае ідэальна.
Увесь двор — у яго творах. На даху альтанкі стаіўся пацешны металічны цмок.
А побач з Эйфелевай вежай «вырас» велізарны дзьмухавец. На тое, каб вырабіць кветку, сышло 1,5 кіламетра дроту. Нягледзячы на тое, што ён зроблены з металу, дзьмухавец выглядае бязважкім: здаецца, падзьме вецер і яго «парашуцікі»-насенне разляцяцца па наваколлі.
Сваімі рукамі майстар пабудаваў і альтанку. Склаў у ёй печ-камін. Сам жа збіраў і печ для лазні, уладкоўваў яе. Тут ужо можна заўважыць яго майстэрства ў працы з дрэвам. Складаны столік ператвараецца ва ўсмешлівы твар захавальніка лазні. Побач некалькі незвычайных карцін з дрэва.