Падраздзяленне расійскага спецназа шукае крымскага татарына для ахвярапрынашэння

У тэлеграм-канале дыверсійна-штурмавой разведвальнай групы «Русіч» 19 жніўня з'явіўся пост, які сабраў 18 тысяч рэпостаў і 20 тысяч лайкаў.

22.08.2024 / 18:15

Скрыншот з тэлеграм-канала ДШРГ «Русіч». Пост быў пасля выдалены, але даступны праз сэрвісы ТГ-аналітыкі

У пасце ўтрымлівалася просьба да сумежнага падраздзялення перадаць ім аднаго палоннага, «не зусім славяніна» а «падвэнджанага, крымскага татарына ці нешта падобнае» для правядзення рытуальнага ахвярапрынашэння Славянскім Багам на свята восеньскага раўнадзенства».

Аўтары паста сцвярджалі, што гэта ім неабходна для «падбадзёрвання і ўмацавання духу новага асабовага складу падраздзялення».

Пост выклікаў негатыўную рэакцыю нават у тых мэйнстрымавых расійскіх тэлеграм-каналах і СМІ, дзе распальванне нянавісці да «хахлоў» пастаўленае на канвеер. Аднак пры гэтым пост набраў дзясяткі тысяч лайкаў.

Дэпутат Дзярждумы ад акупаванага Крыма Міхаіл Шэрэмет прыгразіў «Русічу» зваротам у праваахоўныя органы і праверкай на экстрэмізм, калі яны не прыбяруць публікацыі і публічна не папросяць прабачання.

У выніку скандальны пост быў выдалены. Але замест прабачэнняў у тэлеграм-канале «Русіча» быў апублікаваны пост, у якім дэпутата назвалі «стукачом».

Як адзначаюць эксперты, такога кшталту чалавеканенавісніцкія заявы сталі інструментам піяру для сучасных ультраправых. Яны садзейнічаюць росту ўвагі да правакатараў і дапамагаюць ім прадаваць рэкламу і збіраць данаты.

Сярод тых, хто ваюе ў ДШРГ «Русіч», — пецярбургскі неанацыст Аляксей Мільчакоў.

Аляксей Мільчакоў (злева) удзельнічае ва ўварванні ва Украіну ў складзе ДШРГ «Русіч». Скрыншот з ютуб-відэа

Дыверсійна-штурмавая група спецыяльнага назначэння «Русіч» адкрыта выкарыстоўвае неанацысцкую сімволіку. Адна з яе эмблем — калаўрат. Яго вы можаце бачыць на рукаве ў Аляксея Мільчакова на фота вышэй. Да 2022 года за яго выкарыстанне ў Расіі спарадычна каралі, але пасля яго прыхільнікі спатрэбіліся на вайне.

Пры гэтым, па афіцыйнай версіі, Расія распачала вайну ва Украіне, бо ў той да ўлады прыйшлі неанацысты. Таксама расійская і лукашэнкаўская прапаганда сцвярджаюць, што ваююць супраць «сатаністаў» за «традыцыйныя хрысціянскія каштоўнасці».

У рэальнасці, нават крайнія нацыяналісты ва Украіне не адолелі працэнтавы бар'ер і не трапілі ў парламент апошняга склікання, а напад на Украіну меў на мэце ліквідацыю яе дзяржаўнасці, расчляненне тэрыторыі і далучэнне большай часткі зямель да Расіі на ўзор Данецка і Крыма.

Любога, хто публічна выступае з антываеннай пазіцыяй, у Расіі і Беларусі чакае пераслед, у той жа час можна быць пэўным, што ніхто з тых больш чым 18 тысяч чалавек, якія перапосцілі заклік да чалавечага ахвярапрынашэння, пакараны не будзе. 

Стала вядомая асоба вагнераўскага блогера Grey Zone з 550 тысячамі падпісчыкаў, які загінуў у Малі

Беларускія школьнікі зноў апынуліся на зборах неанацыстаў у Падмаскоўі, хаця адказных за першы вываз пакаралі

Nashaniva.com