ЕС выступіў з заяваю наконт вызвалення некалькіх палітвязняў у Беларусі
ЕС «прыняў да ведама» вызваленне шэрагу палітвязняў у Беларусі і заклікаў вызваліць астатніх. Заяву апублікавала Еўрапейская служба знешніх сувязяў.
22.08.2024 / 21:49
«Еўрасаюз прымае да ўвагі вызваленне ў Беларусі некалькіх палітвязняў, асуджаных за ўдзел у мірных акцыях пратэсту пасля фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Мы падзяляем палёгку і радасць вызваленых людзей і іх сем'яў.
Мы таксама прымаем да ўвагі той факт, што некаторыя з вызваленых былі зняволенымі, якія патрабуюць тэрміновай медыцынскай дапамогі, і заклікаем улады забяспечыць усім зняволеным належную медыцынскую дапамогу», — гаворыцца ў заяве.
ЕС працягвае заклікаць беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных зняволеных, якія часта знаходзяцца ў небяспечных для жыцця ўмовах.
«У Беларусі застаюцца больш за 1300 палітвязняў, у тым ліку Сяргей Ціханоўскі, Ігар Лосік, Марыя Калеснікава, Мікалай Статкевіч, Максім Знак і Віктар Бабарыка, якія ўжо больш за 18 месяцаў пазбаўленыя магчымасці камунікацыі са знешнім светам», — звяртае ўвагу ЕС.
16 жніўня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб памілаванні 30 палітвязняў — 14 жанчын і 16 мужчын. Праваабаронцам вядома аб 22 вызваленых палітычных зняволеных.