Польскі суд змягчыў прысуд таксісту-беларусу, які на пераходзе пад кайфам насмерць збіў веласіпедыстку. Вось чаму

Суд другой інстанцыі перагледзеў справу беларускага таксіста Аляксандра Шч., які ў лютым 2023 года збіў веласіпедыстку на пешаходным пераходзе ў Познані. Суддзя прызнаў яго вінаватым у здзяйсненні ДТЗ, але заключыў, што дзеянні дзяўчыны таксама ў значнай меры садзейнічалі трагедыі. Таму суд знізіў беларусу тэрмін зняволення з 6,5 да 5 гадоў і 4 месяцаў. Пра новы паварот у справе расказала газета Wyborcza, заўважыў MOST. 

22.08.2024 / 22:20

Трагедыя адбылася 9 лютага 2023 года на вуліцы Дамброўскага ў Познані. Фота: epoznan.pl

Быў пад кайфам і перавысіў хуткасць

Трагедыя адбылася 9 лютага 2023 года на вуліцы Дамброўскага ў Познані.

27-гадовая веласіпедыстка Аляксандра пераязджала дарогу. Яна не спешылася, бо на тым пераходзе была спецыяльная зона для веласіпедыстаў.

Тым часам у яе ўрэзаўся аўтамабіль Uber, за рулём якога знаходзіўся 35-гадовы грамадзянін Беларусі. Гэта была толькі чацвёртая яго змена за рулём таксі, ён не паспеў вывучыць горад і не ведаў, дзе людзі могуць пераходзіць дарогу.

Дзяўчыну выратаваць не ўдалося.

Экспертыза выявіла, што ў момант ДТЗ мужчына знаходзіўся пад уздзеяннем марыхуаны. Ступень наркатычнага ап'янення адпавядала прыкладна палове праміле алкаголю. У судзе ён адмаўляў, што прымаў наркотыкі ў той дзень, хаця прызнаваў, што мог курыць марыхуану ў папярэднія выходныя.

Эксперты ўстанавілі таксама, што ў момант ДТЗ беларус ехаў з хуткасцю 66 кіламетраў у гадзіну пры дапушчальных 50. Калі б ён не перавысіў хуткасць, то пазбегнуць ДТЗ у тых умовах усё роўна не ўдалося б, але тады ён урэзаўся б у веласіпед ззаду і, магчыма, вынік для дзяўчыны быў бы іншым.

Абарона дамагалася змякчэння прысуду, сваякі ахвяры — узмацнення

9 лютага 2024 года, роўна праз год пасля трагедыі, акруговы суд Познані прызнаў Аляксандра вінаватым у ненаўмысным здзяйсненні ДТЗ са смяротным вынікам і кіраванні ў стане наркатычнага ап'янення. Яго прыгаварылі да 6,5 год турмы, а таксама вынеслі пажыццёвую забарону на кіраванне аўтамабілем. Таксама суд абавязаў беларуса выплаціць 30 тыс. злотых кампенсацыі сваякам ахвяры і яшчэ 5 тыс. злотых — у фонд дапамогі ахвярам.

Абарона палічыла прысуд занадта суровым, сваякі загінулай дзяўчыны — занадта мяккім. У выніку справу разглядаў суд другой інстанцыі.

Яго рашэнне аказалася нечаканым. Суддзя Славамір Энкса палічыў, што дзеянні веласіпедысткі таксама ў значнай меры прывялі да трагедыі.

Дзяўчына спынілася перад пераходам, пераканалася, што машына, якая ехала з другога боку, прапускае яе, і выехала на пераход. На думку суда, калі б веласіпедыстка паглядзела налева, то ўбачыла б аўтамабіль Uber і не выехала б на дарогу.

У пешаходаў ёсць прыярытэт, а ў веласіпедыстаў — не

Суддзя заўважыў, што, у адрозненне ад пешаходаў, у веласіпедыстаў, паводле польскіх ПДР, няма прыярытэту пры перасячэнні дарогі. І тое, што машына, якая ехала з іншага боку вуліцы, прапусціла дзяўчыну, было жэстам ветлівасці кіроўцы, а не яго абавязкам.

Калі б у аналагічным становішчы знаходзіўся пешаход, ён меў бы прыярытэт ужо на падыходзе да пешаходнага пераходу. Але суддзя звярнуў увагу, што, хоць паводзіны пешаходаў і веласіпедыстаў у такім выпадку здаюцца падобнымі, яны трактуюцца законам па-рознаму.

Справа беларуса зменіць польскія ПДР?

Адвакат сям'і ахвяры Анджэй Яраслаў Рэйхельт лічыць, што гэты працэс паказаў, наколькі недасканалыя цяперашнія ПДР у Польшчы. Ён выказаў надзею, што гэта трагедыя прывядзе да таго, каб ураўнаваць абарону пешаходаў і веласіпедыстаў.

Nashaniva.com