«На вякі вечныя». Пра што будзе сумесны беларуска-кітайскі фільм з такой назвай?

Сталі вядомы некаторыя падрабязнасці сумеснага фільма, які «Беларусьфільм» будзе здымаць з кітайскімі партнёрамі.

23.08.2024 / 06:00

Дырэктар кінастудыі «Беларусьфільм» Юрый Аляксей (крайні злева) і генеральны дырэктар кітайскай кампаніі Sichuan Blue Eyes Film and Television Culture Media Лэй Хань (крайні справа). Скрын відэа: kanalkulturabr249 / YouTube

Кінастудыя «Беларусьфільм» і кампанія па вытворчасці кіно і тэлебачання правінцыі Сычуань (Sichuan Blue Eyes Film and Television Culture Media) падпісалі дамову аб стварэнні мастацкага фільма «На вякі вечныя». Генеральным прадзюсарам і галоўным рэжысёрам фільма будзе генеральны дырэктар кітайскай кампаніі Лэй Хань.

Некаторыя падрабязнасці Лэй Хань і генеральны дырэктар кінастудыі «Беларусьфільм» Юрый Аляксей расказалі ў эфіры канала «Культура» Беларускага радыё.

Па словах Аляксея, падрыхтоўчыя работы вяліся каля паўгода, быў напісаны сцэнарый. З 24 па 26 жніўня на базе «Беларусьфільма» Лэй Хань будзе праводзіць кастынг. Аляксей запэўніў, што палова артыстаў, занятых у фільме, будзе з Беларусі. Галоўную мужчынскую ролю будзе граць беларус, жаночую — кітаянка.

Фільм коратка апісваецца так: «Двое маладых людзей, якія выхоўваліся ў разных краінах і культурах, адпраўляюцца ў складанае падарожжа».

У фільме будзе дзве часткі — гістарычная і сучасная. У першай будуць паказаны часы Другой сусветнай вайны, калі савецкія (у тым ліку і беларускія) добраахвотнікі дапамагалі кітайцам змагацца з японскай агрэсіяй.

Сцэнарый напісаны кітайскім бокам. Па словах Лэй Ханя, які прымаў актыўны ўдзел у яго стварэнні, «галоўная задача — паказаць, што супрацоўніцтва і ўзаемасувязь паміж жыхарамі Беларусі і Кітая мае глыбокія карані».

Здымкі будуць праводзіцца як у Беларусі, так і ў Кітаі. Галоўнымі лакацыямі ў нашай краіне стануць Мінск, Брэст і Белавежская пушча. У Кітаі здымаць будуць у сталіцы правінцыі Сычуань Чэньду, самым вялікім горадзе Кітая Чунцыні а таксама пакажуць Ухань, які для кітайцаў з'яўляецца вельмі важным гістарычным месцам.

Работу над фільмам плануюць скончыць у снежні 2025 года.

«Беларусьфільм» запускае кастынг акцёраў для сумеснага з Кітаем кінапраекта

«Дэдпул і Расамаха» стаў самым касавым у гісторыі фільмам з рэйтынгам R

Чатыры беларускія фільмы, якія вы не бачылі

«Беларусьфільм» хоча зняць сваё «Слова пацана»

Nashaniva.com