На волю па памілаванні выйшаў Павел Кучынскі — палітвязень з чацвёртай стадыяй анкалогіі

«Прывезлі хлопца з турэмнай лякарні ў гарадскую ў не вельмі, мякка кажучы, задавальняючым стане — з пнеўманіяй», — паведаміў у сваім фэйсбуку праваабаронца Аляксандр Капуцкі.

23.08.2024 / 12:27

На волю па памілаванні выйшаў анкахворы палітвязень Павел Кучынскі. Пра гэта на сваёй старонцы ў фэйсбуку паведаміў праваабаронца Аляксандр Капуцкі.

«З Маладзечна прыйшла да мяне добрая вестка: вызвалілі анкахворага палітвязня Паўла Кучынскага. Праўда, як перадае яго сябар, прывезлі хлопца з турэмнай лякарні ў гарадскую ў не вельмі, мякка кажучы, задавальняючым стане — з пнеўманіяй».

Палітзняволены маладзечанец мае першую групу інваліднасці — у яго лімфома Ходжкіна чацвёртай стадыі. Нягледзячы на анказахворванне, яго ўтрымлівалі ў зняволенні больш за два гады. У чэрвені пазамінулага года яго асудзілі да пяці гадоў калоніі, а па выніках апеляцыі паменшылі прысуд толькі на тры месяцы. Пры гэтым замена пакарання на не звязанае з пазбаўленнем волі судом не разглядалася, піша «Вясна».

У жніўні юрысты «Вясны», занепакоеныя станам здароўя Паўла, падрыхтавалі і накіравалі зварот у Працоўную групу ААН па адвольных затрыманнях.

У мінулую пятніцу стала вядома, што Лукашэнка памілаваў 30 чалавек (16 мужчын і 14 жанчын). Сярод іх Ксенія Луцкіна, Вольга Новікава, Ала Зуева, Вольга Стаброўская, Васіль Бераснеў, Ірына Санкоўская, Кацярына Леў, Наталля Пятровіч, Тамара Каравай, Святлана Палуэктава, Яўген Чуміла.

Nashaniva.com