Асуджанага на 15 гадоў блогера Уладзіміра Цыгановіча будуць судзіць чацвёрты раз
5 верасня ў судзе Мазырскага раёна Уладзіміра будуць судзіць за «непадпарадкаванне».
23.08.2024 / 12:59
Уладзімір — блогер, аўтар youtube-канала MozgON. У зняволенні палітвязень знаходзіцца ўжо больш за тры гады — яго затрымалі 9 чэрвеня 2020 года.
Цыгановіча абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў) і ч. 3 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці). 14 снежня 2021 Уладзіміра асудзілі па «справе Ціханоўскага» да 15 гадоў калоніі, піша «Вясна».
Спачатку палітвязня накіравалі адбываць тэрмін у віцебскую калонію №3, але праз паўгода Уладзіміру ўзмацнілі пакаранне і перавялі з калоніі на турэмны рэжым тэрмінам на тры гады. Вясной 2023-га года супраць Уладзіміра завялі крымінальную справу за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі турмы» (ч. 2 арт. 411 КК).
10 красавіка 2023 года палітвязню прызначылі адзін год калоніі ў дадатак да 15 гадоў зняволення. Праз паўгода яго ў другі раз асудзілі паводле арт. 411 КК. Але вынік суда невядомы.
Цяпер стала вядома, што 5 верасня ў судзе Мазырскага раёна Уладзіміра будуць судзіць ужо трэці раз за «непадпарадкаванне». Суддзём прызначаны Анатоль Стрэльчанка.