У Курскай вобласці прапанавалі эвакуяваць яшчэ адзін горад

І гэта нягледзячы на заявы аб спыненні наступу УСУ.

23.08.2024 / 14:51

Карта: РБК

Дарадца губернатара Курскай вобласці Раман Алёхін заклікаў жыхароў памежнага горада Рыльска эвакуявацца, «пакуль для гэтага ёсць магчымасць».

«Не чакайце да апошняга, як Суджа, Коранева, Глушкова. Жыццё ваша і вашых сваякоў даражэйшае за жыццё сабачкі», — заявіў ён.

Рыльск знаходзіцца за 40 кіламетраў ад мяжы з Украінай, у ім пражываюць 15 тысяч чалавек.

Алёхін падкрэсліў, што цывільнаму насельніцтву трэба ў тэрміновым парадку пакінуць горад, пакуль гэта бяспечна.

«Зацягваючы з прыняццем пастановы аб выездзе, вы падстаўляеце пад удар не толькі сябе, але і тых, хто потым будзе рызыкаваць жыццём, каб вас эвакуяваць», — растлумачыў ён.

Між тым у Мінабароны Расіі запэўніваюць, што наступ украінскіх сіл у Курскай вобласці спынены. У прыватнасці, пра гэта рэгулярна заяўляе намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення па ваенна-палітычнай працы ведамства, камандзір чачэнскага спецназа «Ахмат» генерал-маёр Апці Алаудзінаў.

Упершыню ён сказаў аб «спыненні» прасоўвання УСУ ў рэгіёне 9 жніўня і пасля паўтарыў тое ж самае яшчэ як мінімум пяць разоў, піша Moscow Times.

Nashaniva.com