Падаткавікі патлумачылі, чаму ўз'еліся на 16-гадовую сірату, якая прадавала ў Мінску гародніну

Учора падаткавікі расказалі пра 16-гадовую сірату В., якая ў Мінску прадавала садавіну і гародніну. Дзяўчына расказвала, што бізнэс вядзе самастойна. «Тавары купляю на рынку ў Табарах, адкуль іх прыводжу на таксі». Але падаткавікі выявілі, што тавары прадаюцца нелегальна. Многія абурыліся, што сірату збіраюцца аштрафаваць, замест таго, каб дапамагчы з працай. Падаткавікі апублікавалі працяг гісторыі.

23.08.2024 / 15:57

16-гадовая В. падчас праверкі 

Падаткавікі паведамілі, што ў дзяўчыны арыштавалі і канфіскавалі 419 кг прадукцыі коштам 1 746 руб.

Яе словам пра самастойны бізнэс правяраючыя органы не паверылі. «Яна не адказала па сутнасці ні на адно пытанне: па якіх цэнах і ў каго яна нібыта набывала прадукцыю; як прадукцыя дастаўляецца на незаконны пункт і як вывозіцца; дзе складуецца», — пішуць падаткавікі ў сваім канале.

«Зразумела, што яе прыцягнулі да рэалізацыі дарослыя людзі, але без яе прызнання нашы падазрэнні павінны былі заставацца пры нас. Яна ж, нягледзячы на ўсю недарэчнасць сітуацыі, упарта стаяла на сваім. Сама, так сама…» — дадалі зняважліва ў канале.

Дзяўчына вучыцца ў каледжы. Педагог выязджала на месца разбіральніцтва. І папракала сірату, што тая не паехала ў будатрад.

«Перш за ўсё спытала яе: «Навошта ты займаешся такімі справамі, а не паехала ў будатрад, як усе?» І пачула ў адказ «А навошта я буду там за капейкі карачыцца!» Пасля чаго дадала, што ў інтэрнат начаваць не прыйдзе, бо зняла сабе кватэру», — такі дыялог прыводзіць падатковая.

Сіраце пагражае штраф паводле часткі 2 артыкула 13.3 КаАП за прадпрымальніцкую дзейнасць без дзяржаўнай рэгістрацыі. Максімальны штраф для непаўналетняй — не больш за дзве базавыя велічыні.

Nashaniva.com