Пракуратура Германіі праводзіць расследаванне па Рыка Крыгеру — правяраюць яго дачыненне да выбуху
У Беларусі Крыгера прысудзілі да смяротнага пакарання за нібыта дыверсію на станцыі Азярышча пад Мінскам. Затым мужчыну выдалі Германіі ў рамках абмену.
23.08.2024 / 16:42
Рыка Крыгера вядуць на абмен. Фота: Federal Security Service of Russia / Handout / Anadolu via Getty Images
Федэральная пракуратура Германіі пачала расследаванне ў дачыненні да Рыка Крыгера.
Следчыя правяраюць яго дачыненне да стварэння выбуховага прыстасавання, а таксама да выбуху, паведамляе Tagespiegel.
Па даных нямецкіх СМІ, пракуратура падазрае Крыгера ў тым, што ён падаў заяву на ўступленне ў Полк Каліноўскага. Пры гэтым падчас следства ў Беларусі ён казаў, што супрацоўнічаў з СБУ — нямецкая пракуратура правярае гэтую інфармацыю.
Абарона Крыгера сцвярджае, што ён хацеў пайсці добраахвотнікам, каб абараняць Украіну, а не здзяйсняць тэракты.
Па нямецкім заканадаўстве, калі грамадзянін Германіі здзяйсняе асабліва цяжкае злачынства за мяжой, пракуратура павінна правесці ўласнае расследаванне.
Крыгер быў прысуджаны Мінскім абласным судом да смяротнага пакарання за акт тэрарызму і па яшчэ некалькіх артыкулах. Пазней ён быў памілаваны Лукашэнкам і вернуты на радзіму ў рамках вялікага абмену зняволенымі паміж Расіяй і Захадам.