Трое малых атруціліся грыбамі — іх стан вельмі цяжкі
Днямі трое маленькіх дзяцей атруцілася бледнай паганкай. Малым — 8, 3,5 і амаль 2 гады.
23.08.2024 / 19:50
Бледная паганка. Фота: commons.wikimedia.org
Цяпер яны знаходзяцца ў МНПЦ хірургіі, трансплантацыі і гематалогіі і ў дзіцячай інфекцыйнай бальніцы Мінска, паведамляе Мінздароўе.
З удзелам міністра аховы здароўя Аляксандра Хаджаева працуе група з вядучых медыкаў краіны, якія спрабуюць стабілізаваць стан трох дзяцей.
«Усе трое маленькіх пацыентаў у вельмі цяжкім стане», — пракаментаваў дырэктар МНПЦ хірургіі, трансплантацыі і гематалогіі Алег Румо.
«Таксама займаемся пошукам донараў у выпадку неабходнасці трансплантацыі. Калі наступіць татальны некроз печані, гэта стане адзінай магчымасцю выратаваць дзецям жыццё. Донарамі згодныя стаць бацькі, засталося праверыць сумяшчальнасць», — дадаў Румо.
Агулам у Беларусі пачасціліся выпадкі атручвання грыбамі, адзначае Мінздароўя. У параўнанні са студзенем-жніўнем мінулага года колькасць выпадкаў атручвання грыбамі ў такі ж перыяд гэтага года павялічылася ў 1,6 раза.