Новы гендырэктар Starbucks трапіў у скандал, бо збіраецца лятаць на працу на самалёце. Але ёсць нюанс
Каб трапіць у офіс, яму трэба пераадолець 1600 км.
23.08.2024 / 22:28
Офіс Starbucks у Сіэтле. Фота: Coolcaesar, commons.wikimedia.org
Новы гендырэктар Starbucks Браян Нікол падвергнуўся крытыцы. Па кантракце ён павінен знаходзіцца ў офісе тры дні на тыдзень, а дабірацца туды ён збіраецца на карпаратыўным самалёце, таму што ад офіса да яго дома — 1600 кіламетраў. Нікол і яго сям'я жывуць у Ньюпорт Біч, Каліфорнія (ЗША), а штаб-кватэра Starbucks знаходзіцца ў Сіэтле, піша Бі-бі-сі.
Калі пераадольваць гэту адлегласць на машыне, то трэба 18 гадзін. На самалёце ж — 2,5-3 гадзіны
Паводле справаздачы Еўрапейскай федэрацыі транспарту і навакольнага асяроддзя, палёт на прыватным самалёце ёсць адным з найбольш «брудных» відаў транспарту: ён вырабляе да 14 разоў больш выкідаў у навакольнае асяроддзе на аднаго пасажыра, чым камерцыйныя рэйсы, і ў 50 разоў больш, чым пры паездцы на цягніку.
Крытыкі абвінавацілі Starbucks у крывадушнасці, бо ў публічным полі кампанія пазіцыянуе сябе як экалагічна адказную.