Кіраўнік БРСМ наведаў захопленую расіянамі Аўдзееўку
Кіраўнік Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і член Савета Рэспублікі Аляксандр Лук'янаў наведаў украінскі горад Аўдзееўку, які з лютага знаходзіцца пад расійскай акупацыяй. Пра гэта паведаміў кіраўнік так званай Данецкай Народнай Рэспублікі Дзяніс Пушылін, але пазней выдаліў пост, заўважыла «Люстэрка».
24.08.2024 / 09:23
Пушылін — першы злева, Лук'янаў — крайні справа. Фота: тэлеграм-канал Дзяніса Пушыліна
Допіс быў апублікаваны ўвечары 23 жніўня. У паведамленні зазначалася, што госці з Беларусі прывезлі жыхарам горада «вельмі патрэбныя коўдры» і ікону Казанскай Божай Маці са Свята-Георгіеўскага манастыра горада Бабруйска».
«Гэта далёка не першая дапамога ад братняга народа, многія, з кім сустракаліся, пачыналі дзякаваць, распавядаючы пра дапамогу беларускіх сяброў, прасілі перадаць словы ўдзячнасці Аляксандру Лукашэнку», — напісаў Пушылін.
Змешчаны, а потым выдалены допіс Дзяніса Пушыліна. Скрыншот «Люстэрка»
Горад Аўдзееўка, у якім да расійскага ўварвання пражывала больш за 30 тысяч чалавек, быў значна разбураны падчас вайны. 16 жніўня 2024 года Узброеныя сілы Украіны прынялі рашэнне адвесці войскі з горада.