Маладога крыптавалютчыка з Брэста хочуць раскулачыць на два мільёны даляраў

У міліцыі яго называюць арганізатарам групы, якая займалася незаконным абаротам крыптавалюты.

24.08.2024 / 14:04

Ілюстрацыйнае фота: Paul Yeung/Bloomberg via Getty Images

У 27-гадовага берасцейца, зарэгістраванага як індывідуальны прадпрымальнік, хочуць канфіскаваць больш за 2 млн даляраў, паведамляе прэс-служба МУС. 

«З дапамогай спецыялізаваных біржаў малады чалавек здзяйсняў здзелкі па абмене крыптавалюты, у якасці пасярэдніка абналічваючы і канвертуючы, у тым ліку скрадзеныя ў беларусаў, грошы. Для транзіту сродкаў выкарыстаў зарэгістраваныя на замежных грамадзян банкаўскія аплатныя карты. Агульны абарот нелегальнага бізнэсу перавысіў 2 млн даляраў», — гаворыцца ў паведамленні.

У дачыненні да яго складзены адміністрацыйны пратакол за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. Яму пагражае буйны штраф і зварот у даход дзяржавы канфіскаванай крыптавалюты, а таксама ўсёй сумы, якая прайшла праз яго кашалькі.

Nashaniva.com