У Рыме злодзей трапіўся на месцы злачынства, зачытаўшыся кнігай пра Адысея

Калі 38-гадовы камп'ютаршчык, аматар класікі, а па сумяшчальніцтве злодзей-рэцыдывіст і выкрадальнік котак Даніэль Лікуоры ішоў на справу ў прэстыжным рымскім квартале Праці, ён і падумаць не мог, чым усё скончыцца, піша Бі-бі-сі.

24.08.2024 / 14:52

Фота: todocoleccion.net

Спрытна забраўшыся на балкон з ужо поўным пакетам раней скрадзенага дызайнерскага адзення, ён пракраўся ў пакой і збіраўся зноў добра пажывіцца, як яго ўвагу прыцягнула кніга на тумбачцы каля ложка.

Гэта была праца італьянскага аўтара Джавані Нучы, у якой той разглядае «Іліяду» Гамера з пункту гледжання грэцкіх багоў і паказвае на прывязкі знакамітай паэмы да сучаснасці.

Цяжка сказаць, што менавіта сыграла з Лікуоры злы жарт — яго цікаўнасць, цікавасць да класікі, упэўненасць, што ён у кватэры адзін, ці нешта яшчэ, але ён прысеў і… зачытаўся, прычым настолькі, што не заўважыў, як прачнуўся гаспадар кватэры, які выклікаў паліцыю і заспеў знянацку рабаўніка, які сядзеў з кніжкай на ложку.

Лікуоры паспрабаваў збегчы, пераскочыў на іншы балкон, але тут яго затрымалі паліцэйскія.

Спачатку «інтэлектуальны рабаўнік», як яго хутка ахрысцілі італьянскія СМІ, спрабаваў апраўдацца, сцвярджаючы, што ў яго была прызначаная сустрэча з адным з жыхароў дома і, чакаючы яго на даху, Лікуоры любаваўся відамі Рыма, але выпадкова паслізнуўся, упаў на балкон ніжняга паверха, зайшоў у кватэру і зацікавіўся кнігай.

Аднак той самы пакет з дызайнерскім адзеннем, з якога нават не былі зрэзаныя этыкеткі, выдаў яго з галавой, і Лікуоры ў выніку выставілі абвінавачванні ў спробе рабавання і захоўванні крадзенага.

Даведаўшыся аб гэтай гісторыі, аўтар кнігі, Джавані Нучы, які па іроніі лёсу жыве за 300 метраў ад месцах рабавання, у інтэрв'ю газеце Il Messaggero заявіў, што шчаслівы здабыць такім чынам новага чытача.

«У першую чаргу я хацеў бы сустрэцца з гэтым чалавекам, злоўленым на месцы злачынства, і падарыць яму асобнік сваёй кнігі,бо яго напэўна перапынілі ў працэсе, а я хацеў бы, каб ён змог дачытаць яе да канца. Гэта, вядома, поўны сюр, але пры гэтым — вельмі чалавечая гісторыя».

Да таго ж, па словах Нучы, яго любімы бог — Гермес, заступнік літаратуры і… зладзюжка, так што «ўсё тут відавочна».

Nashaniva.com