Дуда паабяцаў, што калі расейцы будуць выходзіць з Украіны, то пазвоніць Зяленскаму з просьбай не бамбіць іх. Той дасціпна адказаў

Дыялог паміж прэзідэнтамі Польшчы і Украіны адбыўся на прэс-канферэнцыі ў Кіеве.

24.08.2024 / 17:59

Скрыншоты відэа Офіса прэзідэнта Украіны

Анджэй Дуда казаў пра тое, што калі расійскія салдаты будуць адступаць, то ім трэба даць пайсці дадому.

«Калі хтосьці на кагосьці нападае, то павінен браць пад увагу, што сам будзе збіты.

Але калі будзе так, што расейцы зробяць тое, што павінны зрабіць, гэта значыць вернуцца дадому, і расійскія войскі будуць выходзіць з Украіны і ўкраінскія войскі будуць іх атакаваць, то я першы вазьмуся за тэлефон і патэлефаную Уладзіміру Зяленскаму і скажу: не бамбіце іх, калі яны сыходзяць.

Пакіньце іх, хай ідуць дадому. Я магу абяцаць гэта расійскім жаўнерам», — сказаў Дуда.

«А калі будзе занята?» — з іроніяй адказаў яму Зяленскі. І патлумачыў: ён, як прэзідэнт, бывае моцна заняты, Дуда павінен ведаць.

Дуда ж адзначыў, што будзе тэлефанаваць, пакуль Зяленскі не здыме трубку.

«Але пакуль Расія атакуе Украіну на вайне, якую сама пачала, то павінна браць пад увагу, што той, хто мячом ваюе, ад мяча гіне», — падкрэсліў польскі прэзідэнт.

Дыялог Дуды і Зяленскага, пра які размова, на відэа з 40-й хвіліны

Nashaniva.com