У Ісландыі дэфіцыт агуркоў — усё праз памяшальніцтва тыктокераў

«Наша Ніва» нядаўна пісала пра дзіўны трэнд на агуркі ў тыктоку: відэа з тым, як іх рэжуць у розныя салаты, набіраюць мільёны праглядаў. Мода на агурковыя салаты пачалася з Логана Мофіта, 23-гадовага канадца.

24.08.2024 / 23:24

Фота: скрыны з тыкток-акаўнтаў logagm, abbybaffoe i anna.antonje

У Ісландыі гэта павальнае захапленне прывяло да рэальнай праблемы: дэфіцыту агуркоў па ўсёй краіне, піша The New York Times.

Мясцовы жыхар расказвае, як хацеў прыгатаваць салату з агуркоў, але не знайшоў іх у некалькіх крамах. Гэта яго здзівіла. «Гэта адна з тых рэчаў, якія ў нас у Ісландыі ніколі не сканчаюцца».

Адна з найбуйнейшых прадуктовых сетак Ісландыі Kronan паведаміла, што агуркі распрададзеныя ў крамах па ўсёй Ісландыі. Продажы выраслі так хутка, што ў крамы не было часу падрыхтавацца.

Ісландыя ганарыцца сваёй самадастатковай сельскай гаспадаркай: большая частка яе асноўных прадуктаў вырошчваецца ў цяпліцах, якія працуюць на геатэрмальнай энергіі. Але гэта востраў. Калі ўзнікне дэфіцыт, імпарт для папаўнення дэфіцыту можа абысціся нашмат даражэй, чым у іншых краінах Еўропы.

Фермеры вырошчваюць агуркі цыклічна, і гэта захапленне салатай узнікла падчас невялікага спаду ўраджайнасці. А таксама ў той час, калі адкрываюцца школы, што азначае, што іх кухні размяшчаюць масавыя заказы.

У якасці доказу таго, што інтэрнэт-ажыятаж стаў прычынай дэфіцыту, ісландцы паказваюць на рэзкі рост продажаў іншых інгрэдыентаў для нашумелай салаты: у Kronan продажы інгрэдыентаў, якія выкарыстоўваюцца ў адным з самых папулярных рэцэптаў (кунжутны алей, рысавы воцат і рыбны соус), выраслі на 200% са жніўня.

Цікава, што ў Ісландыі лета часам называюць «гуркуцід», што прыкладна перакладаецца як «час агуркоў».

Гэта павальнае захапленне — усяго толькі апошні прыклад таго, як сацыяльныя сеткі парушаюць ланцужкі паставак прадуктаў харчавання.

Напрыклад, у 2021 годзе з-за папулярнасці ў TikTok стравы з запечанай фетай і пастай сыр знік з паліц некалькіх амерыканскіх прадуктовых крам.

Nashaniva.com