Талібы ў Афганістане забаранілі жанчынам спяваць і чытаць услых
«Талібан» увёў новыя заканадаўчыя абмежаванні для жанчын у Афганістане. Закон падрыхтавала міністэрства распаўсюджвання дабрадзейнасці і прадухілення распусты, створанае талібамі пасля захопу ўлады ў 2021 годзе.
25.08.2024 / 13:41
Законы аб распусце і дабрадзейнасці ахопліваюць такія аспекты паўсядзённага жыцця, як грамадскі транспарт, музыку, галенне і святы, паведамляе AP.
Асобны артыкул законаў прысвечаны жанчынам. Закон цяпер катэгарычна абавязвае жанчын пакрываць усё цела і цалкам закрываць твар у грамадскіх месцах «у мэтах пазбягання спакусы і спакушэння іншых». Адзенне не павінна быць тонкім, аблягаць ці быць кароткім.
Талібы прызналі жаночы голас «інтымнай рэччу», таму жанчынам зараз забаронена спяваць ці, напрыклад, дэкламаваць вершы на публіцы.
Таксама жанчынам забаранілі глядзець на мужчын, за выключэннем мужа і сваякоў.
Новы закон забараняе вадзіцелям падвозіць адзінокіх жанчын, мужчынам і жанчынам, якія не з'яўляюцца сваякамі, нельга ездзіць у адным салоне.
Апроч абмежаванняў для жанчын, закон забараняе прайграванне музыкі, а таксама публікацыю выяваў любых жывых істот. Дакумент заклікае жыхароў Афганістана выконваць правілы ісламу і маліцца адпаведна.