З захаваннем аўтарытарызму, але без палітвязняў і рэпрэсій. Ці магчымае «вяртанне ў 2019 год»?
Вызваленні палітвязняў у ліпені і жніўні — хутчэй за ўсё, «пробныя шары», каб паглядзець на рэакцыю і вызначыць, ці варта рабіць далейшыя, больш істотныя крокі. У дэмакратычных сілах таксама навідавоку ўзнікненне плыні «вяртання ў 2019 год». Ёсць пэўныя, хаця і ўскосныя і невыразныя, заказнікі таго, што такая плынь ёсць ці фармуецца і ў кіроўным істэблішменце Беларусі. Ці даможацца партыя «вяртання ў 2019 год» ва ўладзе вызвалення палітвязняў, каб замацаваць вынікі 2020 году на сваю карысць, піша на «Свабодзе» Юрый Дракахруст.
25.08.2024 / 15:23
Ёсьць некалькі падзеяў апошняга часу, якія могуць сьведчыць пра пэўныя памкненьні ўлады перагледзець цяперашнюю рэпрэсіўную палітыку. Гэта некаторае зьмякчэньне рыторыкі ў адрас краінаў Захаду, вызваленьне некалькіх дзясяткаў палітвязьняў, зьвесткі ад Юрыя Васкрасенскага пра магчымасьць вызваленьня яшчэ 900 вязьняў, прызначэньне на некалькі ключавых пасадаў у дзяржапараце асобаў хоць і ня больш лібэральных, але больш гнуткіх.
На кожны з гэтых чыньнікаў можна прывесьці пярэчаньні, адзначыўшы супрацьлеглыя тэндэнцыі ў бягучай палітыцы: «галубіныя» ноткі ў прамовах Лукашэнкі зьмяняюцца «ястрабінымі», а то і спалучаюцца ў адной заяве; 30 палітвязьняў вызваляюць, а 70 новых саджаюць; чуткі, як гэта звычайна бывае з чуткамі, часьцей за ўсё ня спраўджваюцца; зьяўленьне на высокіх пасадах больш гнуткіх асобаў не абавязкова азначае кардынальную зьмену палітыкі.
Што азначаюць апошнія вызваленьні палітвязьняў?
Тым ня менш жэсты і крокі ўлады, пералічаныя напачатку, могуць азначаць, што пра зьмену ці карэкцыю падыходаў прынамсі некаторыя ва ўладзе разважаюць. Тлумачэньне, што вызваленьне некалькіх палітвязьняў адбылося пад ціскам Кітаю з падачы Польшчы, не выглядае пераканаўчым. Кітай — рэпрэсіўная аднапартыйная дзяржава, у яго самога шмат палітвязьняў, чаго б яму ціснуць на Менск у гэтым пытаньні? Тым больш што Варшаву найбольш цікавіць вызваленьне аднаго палітвязьня — Анджэя Пачобута. А ён якраз і ня быў вызвалены.
Вэрсія, што да апошняй хвалі вызваленьня палітвязьняў прывёў апошні пакет новых жорсткіх санкцыяў ЭЗ, выглядае «цяплейшай». Хаця балянс — 30 вызваленых і 70 новых палітвязьняў — ня сьведчыць пра тое, што санкцыі так ужо істотна мяняюць паводзіны рэжыму, прынамсі, у кароткатэрміновай пэрспэктыве.
Але спасылка на санкцыі як прычыну вызваленьняў, хутчэй за ўсё, слушная ў шырокім сэнсе. Жаданьне рэжыму, каб санкцыі былі зьменшаныя ці скасаваныя, і сапраўды адзін з галоўных чыньнікаў, празь якія Лукашэнка наагул можа пайсьці на вызваленьне палітвязьняў. Ня тое, каб санкцыі ставілі яго на калені, але яны дастаўляюць непрыемнасьці і ствараюць стымулы зрабіць нешта, каб гэтых непрыемнасьцяў не было.
І дзьве хвалі вызваленьня палітвязьняў, у ліпені і ў жніўні, — гэта хутчэй «пробныя шары», тэсты, каб высьветліць рэакцыю на магчымы працяг гэтай палітыкі. Найперш рэакцыі Захаду, але і намэнклятуры, і Масквы, і дэмакратычных сілаў.
Партыі «вяртаньня ў 2019 год» у дэмсілах і ва ўладзе
Безумоўна, ва ўладзе застаюцца, а магчыма, і пераважаюць сілы, якія лічаць, што ня варта шукаць дабра ад дабра, што трэба працягваць жорсткую лінію на зьнішчэньне ўсяго жывога і няўхільную помсту за траўму 2020 году. Яна можа і застаецца дамінантнай, але ўжо не адзінай. Зразумела, як у любой аўтарытарнай сыстэме, канчатковыя рашэньні прымае дыктатар. Але і ён існуе і дзейнічае не ў вакуўме, розныя людзі зь ягонага атачэньня нашэптваюць яму рознае, і ён сам адчувае розныя імпульсы, якія спараджае палітычная сытуацыя.
Тут можна ўбачыць нейкую аналёгію, сымэтрыю з працэсамі, якія адбываюцца ў дэмакратычных сілах. У 2021 годзе грамадзкі дзеяч, мастак Артур Клінаў заявіў, што мэтай беларускага грамадзтва павінна стаць прымірэньне, «вяртаньне ў 2019 год». Самотны голас Клінава ніякімі палітычнымі сіламі падтрыманы тады ня быў. Такі ж лёс напаткаў і заклік да прымірэньня, які прагучаў у апошнім слове на судзе над ім нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага.
Але сытуацыя ў 2024 годзе зьмянілася — цяпер навідавоку выразныя, арганізаваныя палітычныя сілы з пэўнай інфраструктурай уплыву, якія фактычна паўтараюць даўнія тэзы Клінава і Бяляцкага. Дадаючы і той аргумэнт, што ранейшая палітыка дэмакратычных сілаў прывяла ў тупік, што мэты той палітыкі не былі дасягнутыя і ранейшымі сродкамі дасягнутыя быць ня могуць.
І тут варта нагадаць, што і дэмсілы, і рэжым — гэта, між іншым, адзін беларускі народ. І працэсы ў іх адбываюцца падобныя, у тым ліку і працэс пераасэнсаваньня 2020 году і яго наступстваў. Дык і на ўладным баку таксама ж у пэўным сэнсе тупік.
Ня ў тым сэнсе, што ўсё валіцца і заўтра паўторыцца жнівень 2020 году. На вуліцах няма ня тое каб соцень тысяч пратэстоўцаў, але і адзінак. Эканоміка працуе, і часам нават пасьпяхова, пра што сьведчаць ня толькі справаздачы ўраду, але і дасьледаваньні незалежных эканамістаў. Расея ўсе беларускія страты ад санкцыяў і іншых нягодаў залівае грашыма шчодрай рукой. Прыгаданы глыбокі канцэптуальны крызіс у дэмакратычных сілах — сьведчаньне, хутчэй, таго, што рэальныя пагрозы меншыя за страхі.
А чаму ўсё ж у пэўным сэнсе тупік? Ён такі, зразумела, не для ўсіх. У сілавікоў і прапагандыстаў, «прадаўцоў нянавісьці», ніякага тупіку няма, цяпер іхны «залаты век». Але для адказных за эканоміку, для тых, хто практычна ажыцьцяўляе кіраваньне на месцах, усё ня так і цудоўна. Стан эканомікі хоць і стабільны, але павялічваецца яе структурная ўразьлівасьць. Тыя ж санкцыі ўсё ж дзейнічаюць і ціснуць. Залежнасьць ад Расеі ўжо пераўзыходзіць узровень дапушчальнага і бясьпечнага. Далёка ня ўсе ў дзяржапараце ад гэтага ў захапленьні.
У грамадзтве захоўваецца высокі ўзровень напружанасьці, папросту кажучы, гарачыя прыхільнікі і праціўнікі ўлады ненавідзяць адзін аднаго. Гэта фіксуюць і сацыялягічныя апытаньні, але кіраўнікі на месцах гэта адчуваюць і без апытаньняў, і лепш за любыя апытаньні. А гэта ня вельмі камфортныя ўмовы працы. Кіраваць расколатым грамадзтвам — справа складаная.
Сам Лукашэнка сталінскіх часоў не засьпеў: у сьвядомы ўзрост ён уваходзіў у брэжнеўскую эпоху. Маладзейшыя за яго апаратчыкі расьлі таксама ў брэжнеўскія часы і ў часы перабудовы. Прынамсі, многім зь іх ня можа падабацца вяртаньне ў сталінскую эпоху. Тут і пытаньне асабістай бясьпекі — бальшавіцкі тэрор на пэўным этапе, у выніку лягічнай эвалюцыі, распаўсюдзіўся і на саміх бальшавікоў. Цяперашніх беларускіх чыноўнікаў зусім ня вабіць пэрспэктыва трапіць пад сякеру тэрору.
Ну і той тэрор меў сур’ёзнае ідэалягічнае абгрунтаваньне. Цяперашні беларускі яго ня мае. І галоўны чыньнік яго матывацыі, падзеі 2020 году, усё больш адыходзіць у мінуўшчыну. І ў вачах прынамсі часткі чынавенства тое, што сытуацыя да пэўнай ступені стабілізавалася, хутчэй аргумэнт за зьмену палітыкі. Прычым аргумэнт гэты ў межах афіцыйнага дыскурсу: мы перамаглі, грамадзтва супакоілася — дык з чаго варагаваць, навошта ненавідзець адзін аднаго?
Праблема для ўлады — як замацаваць посьпех 2020 году
І памкненьні гэтай часткі дзяржапарату можна апісаць той жа формулай Клінава — «вярнуцца ў 2019 год». Гэта ж быў аўтарытарны рэжым, на чале яго стаяла тая ж асоба. Але жыцьцё было вальнейшае, узаемнай нянавісьці вялікіх групаў беларусаў адной да другой не было, адносіны з Захадам былі прымальныя. Жыцьцё пераважнай большасьці чальцоў дзяржапарату было тады калі ня лепшым, дык спакайнейшым.
Пераканаўча даказаць, што ў беларускім істэблішмэнце ёсьць выразная, акрэсьленая партыя «вяртаньня ў 2019 год», задача няпростая, калі наагул выканальная. У аўтарытарных рэжымах супярэчнасьці ўнутры іх не выносяцца на публіку, не абмяркоўваюцца адкрыта. Хто пры Сталіну ці нават Брэжневу ведаў, пра што спрачаюцца члены палітбюро?
Хто пры Лукашэнку, напрыклад, у часы, калі МЗС узначальваў Уладзімер Макей, дакладна ведаў, хто якую палітыку адстойвае наверсе? Ніхто. Чуткі, зьлівы, часам дэзынфармацыйныя, няпэўныя інтэрпрэтацыі чыіхсьці двухсэнсоўных словаў.
Цяпер прыблізна тое самае. Вось лае Рыгора Азаронка горадзенская чыноўніца, ляяльная лукашыстка, удзельніца праўладных мітынгаў у гарачым жніўні 2020 году Сьвятлана Вараніца. Сварацца ў малапапулярных тэлеграм-каналах «вамбаты» і «сутулыя» (узаемныя абразьлівыя мянушкі «ястрабаў» і «галубоў»). Што гэта азначае? Можа, і нічога. А можа, гэта і ёсьць водгукі супярэчнасьцяў паміж партыямі «вяртаньня ў 1937 год» і «вяртаньня ў 2019 год». Высьветліцца гэта толькі потым. А можа, нават і потым ня высьветліцца, а проста можа памяняцца палітыка ў выніку змаганьняў гэтых дзьвюх партыяў.
Тут варта ўлічваць, што партыя «вяртаньня ў 2019 год» ва ўладзе — гэта не прыхаваныя «змагары», не лібэралы і не адэпты Эўропы. Там усе — за ўмацаваньне існай улады, за ўмацаваньне таго, што яны лічаць сваёй перамогай у 2020 годзе. Спрэчка пра тое, як гэта зрабіць. Альбо ўтаропіцца ў тую старонку і ў пэўным сэнсе працягваць у катавальнях ГУБАЗіКу вулічныя змаганьні чатырохгадовай даўнасьці. Альбо перагарнуць старонку, забыць пра 2020 год, маўляў, ну было такое адхіленьне ад нормы, а цяпер давайце вернемся да нормы — у 2019 год. Грамадзтва цалкам супакоіцца, новы «мяцеж» страціць сацыяльную глебу.
У кантэксьце другога падыходу вызваленьне многіх ці ўсіх палітвязьняў выглядае як вызваленьне ваеннапалонных пасьля перамогі ў вайне. Яны ўжо бясьпечныя. І гэта эфэктыўны сродак палепшыць адносіны з Захадам, асабліва не злуючы Маскву.
Ёсьць і гістарычны досьвед: насамрэч санкцыі і пасьля 2006 году, і пасьля 2010 году ўводзіліся зь вялікім стосам патрабаваньняў, сярод якіх былі і свабодныя выбары, і сапраўдная дэмакратызацыя. Да гэтага санкцыі тады прымусіць рэжым ня здолелі. Здолелі празь некалькі гадоў прывесьці толькі да вызваленьня палітвязьняў. Гэта было адзінае, на што іх скасаваньне можна было абмяняць.
Крытэр рацыі — перамога ў палітычнай барацьбе
Вышэй было сказана пра пэўную сымэтрыю спрэчак у дэмакратычных сілах і ва ўладным істэблішмэнце. У прыватнасьці, гэта ўвасабляецца ў тэзу, якая выкарыстоўваецца ў спрэчках і там, і там, што вярнуцца ў 2019 год немагчыма. «Ястрабы» ва ўладзе кажуць апанэнтам у сваім лягеры, што, калі адпусьціць лейцы, то раней ці пазьней гэта спародзіць новы выбух, новы 2020 год. Міколу Статкевіча ў жніўні 2015 году вызвалілі адным з апошніх. Але ў 2017-м ён ужо ўзначальваў пратэсты «недармаедаў» у Менску. А ў 2020-м пяць гадоў адпушчаных лейцаў зрабілі магчымым выхад на палітычную арэну Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыкі, Валера Цапкалы і Сьвятланы Ціханоўскай. І выбух, які адбыўся пасьля іх зьяўленьня.
Таму — толькі тэрор, толькі помста. Толькі ГУБАЗіК трымае накрыўку на скрыні Пандоры, кажуць адэпты «вяртаньня ў 1937 год».
Даказаць рацыю таго ці другога боку ў такіх спрэчках немагчыма, гэта не акадэмічная дыскусія і не даказваньне матэматычнай тэарэмы — гэта палітычная барацьба, сутыкненьне воляў, інтарэсаў і візіяў. А хто мае рацыю? Відавочна, той, хто пераможа ў гэтай барацьбе.
Пра наяўнасьць такой барацьбы могуць сьведчыць і няўзгодненыя паміж сабой, некансыстэнтныя крокі ўлады — 30 палітвязьняў вызвалілі, а 70 новых пасадзілі. Дык а ў чым жа выніковае пасланьне? А гэта пасланьні розных асобаў ва ўладзе, якія змагаюцца паміж сабой. І супярэчлівы вынік — гэта вынік іх змаганьня.
Больш імаверна, што так яно будзе і далей. Менш верагоднай, хаця і зь ненулявой імавернасьцю, выглядае перамога партыі «вяртаньня ў 2019 год».
Яшчэ адно цікавае пытаньне — магчымасьць альянсу партыяў «вяртаньня ў 2019 год» ва ўладзе і ў дэмакратычных сілах. Пакуль гэта ўяўляецца маларэалістычным. Прадстаўнікам адпаведнай плыні ў дэмсілах спрабаваць зрабіць нешта падобнае зараз — гэта добраахвотна рабіцца кімсьці кшталту Юрыя Васкрасенскага і Рамана Пратасевіча. Але калі адпаведная лінія ва ўладзе дасягне нейкіх прыкметных посьпехоў, то такі альянс выглядае магчымым.