Украінскія памежнікі пра сітуацыю на мяжы з Беларуссю: Нестандартных сітуацый няма
Сітуацыя ля мяжы з Беларуссю па стане на 26 жніўня застаецца нязменнай і кантраляванай, перакідкі ваенных сіл і тэхнікі не зафіксавана, заявіў спікер Дзяржпагранслужбы Украіны Андрэй Дземчанка ў эфіры нацыянальнага тэлемарафона ў панядзелак.
26.08.2024 / 10:16
«У цэлым па мяжы сітуацыя нязменная. Сілы абароны Украіны розных катэгорый, а гэта і памежнікі, і Узброеныя сілы, Нацыянальная гвардыя цалкам кантралююць лінію мяжы. Нейкіх нестандартных сітуацый непасрэдна па нашай дзяржмяжы не адзначалася», — адзначыў ён.
Па яго словах, за тым, што адбываецца ў глыбі тэрыторыі Беларусі актыўна сочаць падраздзяленні разведкі, каб разумець, наколькі сітуацыя можа мяняцца, каб быць гатовымі на тым ці іншым кірунку, калі нейкія дзеянні пачнуцца з тэрыторыі РБ.
«Але магу адзначыць, што ў непасрэднай блізкасці да нашай мяжы мы не адзначаем і не назіраем ні перамяшчэння тэхнікі, ні асабістага складу», — заявіў Дземчанка.
Таксама афіцэр падкрэсліў, што паводле стану на 26 жніўня Расія на тэрыторыі Беларусі не мае дастатковай групоўкі, якія б яна магла задзейнічаць для новага ўварвання ва Украіну з гэтага кірунку.
Увечары 25 жніўня Міністэрства замежных спраў Украіны заявіла аб засяроджванні значнай колькасці асабістага складу і тэхнікі Узброеных сіл Беларусі ля мяжы з Украінай пад выглядам вучэнняў, а таксама аб прысутнасці там былых «вагнераўцаў», і заклікала не здзяйсняць трагічных памылак пад ціскам Масквы.
Маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» адзначыла, што групоўка беларускіх войскаў на мяжы з Украінай налічвае каля 1100 чалавек і не нясе пагрозы.
Беларусь канцэнтруе войскі каля паўднёвай мяжы — МЗС Украіны
«Беларусь наўрад ці разглядае наступальныя дзеянні супраць Украіны на даным этапе»