Рыка Крыгер па-ранейшаму застаецца загадкай

Нямецкія следчыя ўспрымаюць справу Крыгера вельмі сур'ёзна.

26.08.2024 / 11:10

Рыка Крыгера вядуць на абмен. Фота: Federal Security Service of Russia / Handout / Anadolu via Getty Images

Федэральная пракуратура Германіі праводзіць расследаванне ў дачыненні да грамадзяніна ФРГ Рыка Крыгера, якога прысудзілі ў Беларусі да смяротнага пакарання нібыта за ўчыненне тэракту і найміцтва.

Паводле папярэдніх звестак, у Германіі яго абвінавачваюць у арганізацыі выбуху з выкарыстаннем выбуховых рэчываў. У пачатку жніўня ён выйшаў на волю ў выніку маштабнага абмену зняволенымі паміж краінамі Захаду і Расіяй, нагадвае Deutsche Welle. 

Рэдактар аддзела расследаванняў і рэпартажаў выдання Welt Цім Рэн здолеў пагаварыць з Рыка Крыгерам. Як распавёў Рэн у эфіры навін Welt, вызвалены немец «па-ранейшаму застаецца загадкай». 

«Ён кажа, што хацеў ратаваць жыцці», — так, са слоў Рэна, Крыгер патлумачыў, чаму наважыўся адправіцца ва Украіну.

Там нямецкі грамадзянін планаваў далучыцца да падраздзялення беларускіх добраахвотнікаў, каб працаваць медыкам або аўтамабільным механікам альбо ж кіраваць дронамі. Як пры гэтым Крыгер апынуўся ў Беларусі, растлумачыць журналісту ён не змог. 

Паводле інфармацыі Рэна, нямецкія следчыя ўспрымаюць справу Крыгера вельмі сур'ёзна, бо «гэта можа нанесці шкоду ФРГ, калі грамадзянін Германіі па даручэнні замежнай разведвальнай службы робіць выбух».

«Гэта трэба ўспрымаць вельмі сур'ёзна. Таму федэральны пракурор будзе інтэнсіўна займацца гэтай справай», — патлумачыў Рэн.

Пракуратура Германіі праводзіць расследаванне па Рыка Крыгеру — правяраюць яго дачыненне да выбуху

«Рыка Крыгер быў упэўнены, што калі не прывядуць Красікава, абмен сарвецца»

Чаму расійскіх палітвязняў вызвалілі, а беларускіх не? Усё проста

Nashaniva.com