«Гэта ні ў якім разе не палітычнае рашэнне». Макрон пракаментаваў затрыманне Паўла Дурава
Прэзідэнт Францыі заявіў, што ягоная краіна прыхільная свабодзе слова, а Дурава затрымалі ў рамках крымінальнага расследавання.
26.08.2024 / 17:54
Эмануэль Макрон. Фота: Ludovic Marin, AP
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон упершыню пракаментаваў затрыманне заснавальніка Telegram Паўла Дурава.
Макрон напісаў у X, што бачыць у інтэрнэце шмат хлуслівай інфармацыі пра Францыю ў сувязі з гэтым арыштам.
«Францыя больш за ўсё імкнецца да свабоды выказвання меркаванняў і камунікацыі, інавацый і прадпрымальніцтва. Так будзе і далей. Ва ўмовах вяршэнства закона, у сацыяльных сетках, як і ў рэальным жыцці, свабоды рэалізуюцца ў рамках, устаноўленых законам для абароны грамадзян і павагі іх асноўных правоў», — заявіў французскі прэзідэнт.
Паводле яго слоў, забеспячэнне выканання закона з'яўляецца абавязкам сістэмы правасуддзя, якая валодае поўнай незалежнасцю.
«Арышт прэзідэнта Telegram на тэрыторыі Францыі адбыўся ў рамках судовага расследавання. Гэта не палітычнае рашэнне. Рашэнне застаецца за суддзямі», — адзначыў Макрон.
Павел Дураў быў затрыманы ў парыжскім аэрапорце 24 жніўня. Паведамлялася, што затрыманне можа быць звязана з тым, што прадпрымальнік не супрацоўнічаў з праваахоўнымі органамі Францыі пры расследаванні злачынстваў, звязаных з выкарыстаннем Telegram, а ў самім месенджары няма мадэрацыі. Гэта, на думку праваахоўнікаў, робіць мільярдэра саўдзельнікам гандлю наркотыкамі, злачынстваў, звязаных з педафіліяй, і махлярства.
Пяскоў: Сустрэчы Дурава і Пуціна ў Баку не было
Стала вядома асоба 24-гадовай дзяўчыны, якую затрымалі разам з Дуравым
Telegram выступіў з афіцыйнай заявай наконт затрымання Дурава
Дураву прадоўжылі тэрмін утрымання пад вартай у Францыі