Выбух на Омскім НПЗ вывеў з ладу амаль палову магутнасцяў прадпрыемства — Reuters

Агенцтва Reuters са спасылкай на крыніцу, знаёмую з сітуацыяй, сцвярджае, што вынікам выбуху на Омскім НПЗ, які прагучаў 26 жніўня, стала вывядзенне з ладу паловы гэтага прадпрыемства, якое вырабляе дзясятую частку расійскага паліва. 

26.08.2024 / 22:32

Са слоў суразмоўцы агенцтва, у выніку інцыдэнту атрымала пашкоджанні і была спыненая найбольш прадукцыйная на заводзе ўстаноўка першаснай перапрацоўкі нафты АВТ-11.

Па словах крыніц Reuters, у выніку аварыі на заводзе можа цалкам спыніцца працэс гідракрэкінгу, паколькі ён забяспечваецца сыравінай (вакуумным газойлем) непасрэдна з АВТ-11.

АВТ-11 перапрацоўвае ў год 8,4 млн тон нафты і 1,2 млн тон газавага кандэнсату, забяспечваючы 41% магутнасці Омскага НПЗ.

На думку аналітыкаў, ва ўмовах санкцый аднавіць гэтую ўстаноўку будзе вельмі складанай задачай.

Увогуле ж летась Омскі НПЗ перапрацаваў 21,28 мільёна тон нафты і вырабіў 5,07 млн тон аўтабензіну (11,5% ад вытворчасці ў РФ), 8,1 млн тон дызпаліва (9,2%) і 1,63 млн тон авіягазы (15%).

У Расіі гарыць Омскі НПЗ — мясцовыя жыхары чулі магутны выбух

Вялікі пажар пачаўся на НПЗ у Омску

Экспарт расійскай нафты абваліўся рэкордна з пачатку вайны

Беспілотнікі атакавалі НПЗ у Адыгеі

Nashaniva.com