Ці пагражае нешта Telegram пасля затрымання Паўла Дурава?

Пакуль Павел Дураў знаходзіцца пад арыштам у Францыі, карыстальнікі Telegram хвалююцца за месенджар. Бі-бі-сі паразмаўляла з экспертамі аб будучыні Telegram і аб свабодзе слова ў лічбавую эпоху.

27.08.2024 / 08:27

Ці можа Telegram перастаць працаваць з-за арышту Дурава?

«Відавочна, што месенджар з амаль мільярдам карыстальнікаў не працуе выключна з кампутара Паўла Дурава, — сказаў Бі-бі-сі юрыст, які супрацоўнічае з праваабарончым праектам «Сеткавыя свабоды» (ён папрасіў аб ананімнасці). — Для падтрымкі сэрвісу з мільярдам карыстальнікаў, відавочна, патрэбна дублюючая, самападтрымлівальная тэхнічная інфраструктура, і выпадзенне асобных элементаў не павінна разбураць усю сістэму».

З ім згодны IT-эксперт і аўтар тэлеграм-канала «ЗаТелеком» Міхаіл Клімароў. Ён сказаў у гутарцы з Бі-бі-сі, што інфраструктуру з мільярдам карыстальнікаў «нельга проста ўзяць і адключыць. І па грашах, наколькі я ведаю, там усё добра: усё аплачана на нейкі час наперад».

«Знікненне Telegram з інтэрнэту было б магчыма, калі б уся інфраструктура, усе серверы, усё, што складае «жалезную» частку Telegram, знаходзілася б у Францыі», — сказаў Бі-бі-сі кіраўнік грамадскай арганізацыі «Роскомсвобода» Арцём Казлюк.

Але гэта не так, у Telegram ёсць чатыры больш-менш публічныя дата-цэнтры ў розных пунктах зямнога шара, распавёў Міхаіл Клімароў. Вядома, што гэтыя дата-цэнтры знаходзяцца недзе ў Еўропе, у Амерыцы, у Паўднёва-Усходняй Азіі і на Блізкім Усходзе. «Вось так, каб чатыры дата-цэнтры адначасова закрыць — мне гэта падаецца малаверагодным. Хоць такія рызыкі, вядома, існуюць», — дадаў ён.

Telegram, вядома, кіруецца не з кампутара Паўла Дурава. Але адсутнасць публічнага твару месенджара моцна ўдарыць па ягонай эканоміцы, піша аналітык Эльдар Муртазін у матэрыяле для The Bell.

Усе камунікацыі Telegram былі замкнёныя на Паўла Дурава, у тым ліку зносіны з інвестарамі і прыцягненне грошай, падкрэслівае эксперт.

«І зараз атрымаць новыя грошы на падтрыманне працы месенджара будзе складана, што аўтаматычна прывядзе да эканоміі, магчыма, закручванню гаек для бясплатных акаўнтаў (будуць рабіць боль, каб людзі плацілі грошы за выкарыстанне). Сітуацыя ў эканамічным аспекце будзе вельмі складанай, пагаршэнне мы ўбачым не адразу, на гэта спатрэбіцца некалькі месяцаў», — упэўнены Муртазін.

Ці пагражае нешта зараз бяспецы даных карыстальнікаў?

Telegram не раз пацвярджаў выдаленне інфармацыі па патрабаванні ўладаў, падкрэсліў юрыст, які супрацоўнічае з праектам «Сеткавыя свабоды». Напрыклад, у 2021 годзе месенджар блакаваў бот «Разумнага галасавання», прыдуманага Навальным і яго камандай. Але самае тонкае і адчувальнае пытанне — гэта прадастаўленне асабістых даных карыстальнікаў, падкрэсліў юрыст.

Ці даваў Telegram даныя карыстальнікаў хоць нейкай краіне і ці існуе ў іх нават тэхнічная магчымасць падаваць такія даныя, невядома. Публічна Павел Дураў шмат разоў адмаўляўся раскрыць дадзеныя карыстальнікаў: так, у 2016 годзе ён не стаў супрацоўнічаць з ФБР.

У Дурава ўжо і раней патрабавалі ключы шыфравання Telegram: гэта рабіла расейская ФСБ у 2017 годзе. Ён адмовіўся, і тады Раскамнагляд пачаў блакаваць месенджар, але яму гэта не ўдалося. Месенджар выкарыстоўваў метады абыходу блакіровак, і колькасць карыстальнікаў не падала, а расла. У 2020 годзе Telegram афіцыйна разблакавалі ў Расіі.

Дураў таксама расказваў, што ў 2014 годзе прадаў сваю долю ва «УКантакце» і з'ехаў з Расіі таму, што ФСБ патрабавала ад сацсеткі раскрыць даныя карыстальнікаў, якія знаходзяцца ў групах прыхільнікаў Еўрамайдана.

Зрэшты, не ўсе спецыялісты ўвогуле давяраюць бяспецы Telegram. Эльдар Муртазін падкрэслівае, што Дураў публічна шмат разоў казаў, які Telegram бяспечны, але ніякага аўдыту бяспекі з боку незалежных кампаній месенджар не праходзіў.

Наколькі прэтэнзіі ўладаў да Дурава правамерныя?

«Калі Дураву сапраўды інкрымінуюць адмову ў прадастаўленні ключоў шыфравання, то я лічу, што дзеянні французскіх уладаў неправамерныя, — лічыць Арцём Казлюк з «Раскамсвабоды». — Усё ж гэта нашае базавае права на таямніцу сувязі, таямніцу асабістых камунікацый».

Пра тое, у чым абвінавачваюць Паўла Дурава, афіцыйна пакуль не абвешчана. Але французскія СМІ Le Parisien і Le Figaro са спасылкамі на свае крыніцы пісалі, што праваахоўнікі расцэньваюць адмову ад супрацоўніцтва з імі як бяздзейнасць пры неправамерным выкарыстанні месенджара. Ёсць здагадкі, што французскія ўлады патрабавалі ў Дурава ключы шыфравання: калі б ён пагадзіўся, усе перапіскі ў месенджары сталі б даступныя праваахоўным органам.

Гэта не першы выпадак, калі дзяржавы хочуць атрымаць доступ да зашыфраваных месенджараў, але такое жаданне — сацыяльна небяспечнае, лічыць Арцём Казлюк з «Раскамсвабоды».

«Мы як грамадства не маем кантролю над тым, што робяць праваахоўныя органы з нашымі адчувальнымі звесткамі, нашай перапіскай. Мы не можам пракантраляваць, ці выкарыстоўваецца доступ да шыфраванай перапіскі ў мэтах грамадскай бяспекі ці ў гэтым ёсць элементы пераследу», — растлумачыў ён.

Эксперт перакананы, што калі такія даныя будуць адкрыты праваахоўнікам, то магчымыя ўцечкі на чорны рынак. А далей інфармацыя, якая ўцякла, можа стаць прадметам шантажу або кібермахлярскіх схем. Таму рызыкі грамадскіх узрушэнняў, новых віткоў кіберзлачыннасці перавешваюць карысць ад доступу да перапісак тэрарыстаў і экстрэмістаў, лічыць Казлюк.

Юрыст, які супрацоўнічае з праектам «Сеткавыя свабоды», заўважыў, што ўрады розных краін ужо тысячагоддзі хочуць мець магчымасць чытаць перапіскі сваіх грамадзян. І ў сусветнай супольнасці выпрацаваны адказ на такія прэтэнзіі.

У 2022 годзе выйшла справаздача ўпраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека аб праве на недатыкальнасць прыватнага жыцця ў лічбавую эпоху.

У дакуменце падкрэсліваецца, што калі ўлады спрабуюць абмежаваць шыфраванне, каб аблегчыць пошук злачынцаў, яны ставяць пад пагрозу ўразлівыя катэгорыі грамадзян: гэта і жанчыны, якія падвяргаюцца сачэнню, і праваабаронцы, і рэлігійныя, сэксуальныя, палітычныя меншасці.

«Вядома, паліцыянтам прасцей чытаць расшыфраваныя перапіскі, чым займацца старой добрай аператыўнай працай, — дадаў юрыст. — Але ўлады разменьваюць бяспеку ўразлівых груп на зручнасць працы сваіх праваахоўных органаў».

Дурава пакінулі пад вартаю, яго спадарожнікаў адпусцілі

Паўлу Дураву выставілі абвінавачванне ў 12 злачынствах

«Гэта ні ў якім разе не палітычнае рашэнне». Макрон пракаментаваў затрыманне Паўла Дурава

Пяскоў: Сустрэчы Дурава і Пуціна ў Баку не было

Прапаганда расчахліла Пратасевіча: той пракаментаваў арышт Дурава, якога таксама затрымалі ў аэрапорце

Nashaniva.com