Замена пашпарта ў Беларусі: што трэба ведаць і як хутка выдаюць дакумент
У якіх выпадках трэба мяняць пашпарт, колькі гэта каштуе і за які тэрмін можна атрымаць новы дакумент.
29.08.2024 / 09:00
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Звычайны пашпарт
Каб замяніць звычайны пашпарт грамадзяніна Беларусі, неабходна звярнуцца ў разлікова-касавы цэнтр або ў падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі.
Замена пашпарта ў звычайным парадку займае адзін месяц і каштуе 1 базавую велічыню (40 рублёў на цяперашні момант).
Выраб пашпарту ў паскораным парадку займае два тыдні і каштуе 2 базавыя (80 рублёў).
Жыхарам Мінска і ўсіх абласных цэнтраў таксама даступны такі варыянт, як выраб дакумента ў тэрміновым парадку (да 7 дзён). Такое паскарэнне каштуе 3 базавыя (120 рублёў).
Дзецям да 14 гадоў пашпарт робяць бясплатна за выключэннем, калі заяўнік хоча атрымаць дакумент у паскораным або тэрміновым парадку.
Для замены пашпарта неабходныя:
- заява;
- стары пашпарт;
- 4 каляровыя фатаграфіі памерам 40x50 мм;
- пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці (калі ёсць дзеці да 18 гадоў);
- пасведчанне аб рэгістрацыі шлюбу;
- пацвярджэнне аплаты.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Каму і калі трэба мяняць пашпарт
Грамадзяне Беларусі, якія дасягнулі 14-гадовага ўзросту, абавязаны мець пашпарт або ID-картку. Да 14 гадоў дзіцяці дастаткова мець пасведчанне аб нараджэнні, калі ён не збіраецца выязджаць за межы краіны.
Дзецям ва ўзросце да 14 гадоў пашпарт выдаюць тэрмінам на 5 гадоў.
Падлеткам і дарослым ва ўзросце ад 14 да 64 гадоў пашпарт выдаюць тэрмінам на 10 гадоў.
Па дасягненні 64-гадовага ўзросту, пашпарт выдаюць тэрмінам дзеяння да 99 гадоў. Але пажылым людзям варта памятаць, што часцей за ўсё для атрымання візы і выезду за мяжу трэба мець пашпарт, не старэйшы за 10 гадоў.
Ахвотным атрымліваць візы іншых краін лепей замяняць пашпарт за год да тэрміну яго заканчэння.
Біяметрычны пашпарт і ID-карта
Пачынаючы з 2021 года, нароўні са звычайнымі пашпартамі ў Беларусі пачалі выдаваць ID-карткі і біяметрычныя пашпарты.
Працэдура атрымання біяметрычных дакументаў крыху адрозніваецца ад атрымання простага пашпарту.
Па-першае, звяртацца па яго можна толькі ў падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Тэрміны вырабу і кошт таксама адрозніваюцца да стандартнага пашпарту.
Выдача або абмен ID-карты каштуе 1,5 базавай велічыні (60 рублёў). Дзецям да 14 гадоў — бясплатна.
Стандартны тэрмін вырабу ID-карты і біяметрычнага пашпарта — 15 дзён. Паскораны — 10 дзён, а тэрміновы — 5 дзён. За паскораны выраб трэба даплаціць 1 базавую (40 рублёў), за тэрміновы — 2 базавыя (80 рублёў).
Дзецям да 14 гадоў пашпарты або ID-карты выдаюць на 5 гадоў. Для людзей, старэйшых за 14 гадоў, тэрмін дзеяння абодвух дакументаў — 10 гадоў.
Якія перавагі маюць біяметрычныя дакументы?
У адрозненне ад звычайных пашпартоў, заканадаўства дазваляе мець адразу два дзейныя біяметрычныя пашпарты, што можа быць зручным для тых, хто здаў пашпарт на атрыманне візы і мае патрэбу ў гэты час выехаць за мяжу.
Пры наяўнасці ID-карткі кіроўца можа не мець пры сабе пасведчанне кіроўцы.
Нагадаем, што з 5 верасня 2023 года замяніць пашпарт можна толькі на тэрыторыі Беларусі. Раней беларусы, якія стаялі на консульскім уліку ў іншых краінах, маглі рабіць пашпарт у амбасадах і консульствах.