Начальнік аддзела ФСБ па барацьбе з тэрарызмам памёр, падавіўшыся кавалкам мяса. Прынамсі, такая афіцыйная версія

50-гадовы палкоўнік ФСБ, начальнік аддзела па барацьбе з тэрарызмам Максім Яромін падавіўся за вячэрай 25 жніўня. Выратаваць яго не змаглі.

27.08.2024 / 13:06

Паводле звестак «Базы», Яромін адчуў сябе дрэнна падчас вячэры 25 жніўня — яму стала складана дыхаць. Прычынай стаў кавалак мяса, які захрас у дыхальных шляхах. Яроміна тэрмінова даставілі ў бальніцу, але выратаваць не змаглі. Прычынай смерці афіцыйна стала механічная асфіксія.

Як піша выданне, блізкае да сілавікоў, Яромін служыў у ФСБ. У пачатку нулявых ён ездзіў на Каўказ, меў дачыненне да ліквідацыі шэрагу вядомых палявых камандзіраў. Яромін даслужыўся да палкоўніка ФСБ і начальніка аддзела па барацьбе з тэрарызмам, ездзіў у камандзіроўку ў Сірыю. У яго засталося трое дзяцей.

Таксама Яромін быў заснавальнікам найбуйнейшай ультрас-групоўкі ЦСКА Red-Blue-Warriors. 

Nashaniva.com