Макрон даўно і актыўна карыстаецца Telegram. Ён аматар месенджара — Politico

Аказваецца, значная частка істэблішменту Францыі для працы і камунікавання аддае перавагу Telegram, высветліла выданне Politico. Вось як гэты феномен тлумачаць самі французскія палітыкі.

27.08.2024 / 15:09

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон актыўна карыстаецца месенджарам Telegram. Фоты: Christophe Simon / Pool AFP via AP / vecteezy. Калаж: «Наша Ніва»

Як піша выданне Politico са спасылкай на дзейных і былых французскіх палітыкаў, прэзідэнт Францыі як мінімум 7 гадоў актыўна карыстаецца Telegram для працы і звычайнага камунікавання. 

«У гэты панядзелак, калі Дураў яшчэ сядзіць пад вартай, акаўнт Эмануэля Макрона ў месенджары быў актыўны», — паведаміў Politico адзін з французскіх палітыкаў, паказаўшы выданню свой тэлефон са спісам кантактаў у тэлеграме, дзе быў бачны анлайн-статус Макрона.

Па словах крыніц, уласная партыя Макрона, Renaissance, «яшчэ з першых дзён прэзідэнцкай кампаніі (2017 год) выкарыстоўвае Telegram для адпраўкі публічных паведамленняў журналістам на прыватным канале, які ўключае 150 прадстаўнікоў прэсы. Макрон таксама мае публічны канал з 30 тысячамі падпісчыкаў, дзе публікуюцца ягоныя заявы і апошнія навіны. Тое ж самае робіць і Міністэрства ўнутраных спраў Францыі.

Гэта выклікала сур'ёзную занепакоенасць і папярэджанні з боку французскіх спецслужбаў, «якія заклікалі спыніць карыстанне расійскім месенджарам з-за сачэння», перадае Politico.

Акрамя Макрона, ягонай партыі і МУС, заўзятымі карыстальнікамі Telegram ёсць як члены кабінета міністраў Францыі, так і палітычныя чыноўнікі ўсіх рангаў і партый, заяўляюць прадстаўнікі французскага істэблішменту. Па іх словах, пераход на іншыя сродкі камунікавання, у першую чаргу айчыннай вытворчасці, адбываецца павольна і неахвотна.

«Тэлеграм не найлепшы сярод сацсетак, але і не найгоршы. Многія з нас проста не хочуць пачынаць з нуля на іншых месенджарах, губляць свае размовы. Да Telegram шмат хто прызвычаіўся», — распавёў Politico член кіравальнай партыі Францыі Эрык Батарэль, які адказны за пытанні, звязаныя з кібербяспекай.

Па словах іншага чыноўніка, які працуе ў французскім Міністэрстве юстыцыі, арышт Паўла Дурава стаў следствам незадаволенасці ўладаў Францыі ягоным нежаданнем супрацоўнічаць з імі. 

«Ён вельмі раззлаваў людзей сваёй адмовай ісці на кантакт па пытанні доступу да «крыніц бруднай інфармацыі», — заявіў чыноўнік на ўмовах ананімнасці.

Нагадаем, што Эмануэль Макрон учора публічна пракаментаваў затрыманне заснавальніка Telegram Паўла Дурава, адзначыўшы, што арышт прадпрымальніка «ні ў якім разе не ёсць палітычным рашэннем» і што «Францыя больш за ўсё імкнецца да свабоды выказвання меркаванняў і камунікацыі, інавацый і прадпрымальніцтва».

Паўлу Дураву выставілі абвінавачванне ў 12 злачынствах

Пасля арышту Дурава папулярнасць Telegram у свеце істотна вырасла

Пакуль Дураў сядзіць, да яго выказала прэтэнзіі венгерская анліфаншчыца Дыяна

Nashaniva.com