Лукашэнка: Настаўнік — гэта чалавек прэзідэнта

Настаўнік — гэта чалавек прэзідэнта, заявіў Аляксандр Лукашэнка на Рэспубліканскай педагагічнай нарадзе гаворачы пра прэстыж прафесіі, піша БЕЛТА. Зноў папужаў бізуном, лапцямі і заклікаў ісці ў склад выбарчых камісій. 

27.08.2024 / 14:13

Лукашэнка вельмі блытана патлумачыў тэзу, што педагогі — гэта яго людзі і што ён збіраецца падняць прэстыж настаўніцкай прафесіі. 

«Настаўнік павінен быць больш чым святым чалавекам у школе! Таму трэба зрабіць максімум у гэтым плане. І перш за ўсё вы павінны гэта зрабіць, вы [настаўнікі] павінны гэтага захацець, а мы [улада] павінны аказаць усялякую падтрымку. Настаўнік — гэта чалавек прэзідэнта. Таму 50 адсоткаў вашай нагрузкі — гэта мая нагрузка. Усё, што тычыцца тэмы няшчасных сем'яў, умоў жыцця сацыяльна ўразлівых дзяцей, прафілактычнай і арганізацыйнай працы, — кінуць настаўніка сам-насам з гэтымі пытаннямі мы нікому не дазволім», — заявіў ён.

Лукашэнка падкрэсліў, што недапушчальна, што «пракуроры і дзяржкантроль часцей ходзяць па асобных школах, чым начальнікі «ад адукацыі». 

Ён заўважыў, што прэстыж любой прафесіі прадугледжвае і дастойны заробак.

«Па зарплатах мы ўпершыню ў гісторыі наблізіліся да сярэдняй па краіне. Тут арыфметыка простая: вы рыхтуеце канкурэнтаздольных спецыялістаў, эканоміка расце — растуць вашы даходы», — пераклаў ён адказнасць за заробак на саміх настаўнікаў. 

Але ўсё ж паабяцаў, што да 2025 года зарплата работнікаў адукацыі будзе роўнай сярэдняй па краіне.

Таксама Лукашэнка падкрэсліў, што настаўнікі не павінны баяцца ісці ў склад выбарчых камісій — у 2025 годзе ў краіне павінны прайсці прэзідэнцкія выбары. 

«Я вельмі спадзяюся на вас. Толькі настаўнік можа правесці ўнізе тую палітыку, якую я хачу, каб праводзілася. Таму я казаў пра тое, што вы нікога не павінны баяцца. Вы гаспадары ў гэтай краіне. Як толькі здрыганецеся — усё, заўтра рыхтуйце лапці (бізун нам ужо падрыхтавалі). Таму ні ў якім разе не адступайце, нікога не бойцеся», — сказаў Лукашэнка.

Nashaniva.com