Беларус, які выйграў 200 000 рублёў, загінуў. Што зараз будзе з грашыма?

Як аказалася, бонуснай карткай загінулага карысталася яго жонка.

27.08.2024 / 15:51

У пачатку жніўня «Еўраопт» разыграў прызы сваёй рэкламнай гульні «Удача в придачу!». Галоўны прыз — 200 тысяч рублёў — выйграў мужчына. Аднак звязацца з ім ніяк не атрымлівалася, такое адбывалася ўпершыню ў гісторыі гульні.

Праз некаторы час арганізатары змаглі звязацца са сваякамі пераможцы.

Аказалася, хлопец загінуў яшчэ вясной. Яго бонуснай карткай карысталася жонка — яна не стала пераафармляць карту на сябе. У выніку перамог код, атрыманы пасля пакупкі менавіта з гэтай картай, піша Myfin.

Жонка загінулага выйгрыш не атрымае. Па правілах, атрымаць выйгрыш можа толькі ўладальнік карты, з якой была здзейснена выйгрышная пакупка. Паколькі ўладальнік памёр, прыз будзе перададзены рэзервоваму пераможцу — уладальніку кода, які ішоў за выйгрышным.

У міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю патлумачылі, чаму жонка загінулага не зможа атрымаць выйгрыш.

«Асоба, на якую быў зарэгістраваны асабісты кабінет і бонусная карта, якая сканала да пачатку правядзення рэкламнай гульні, не магла быць яе ўдзельнікам, а асоба, якая выкарыстоўвала чужую бонусную карту для ўдзелу ў рэкламнай гульні, таксама не з'яўляецца ўдзельнікам рэкламнай гульні, бо не выканала ўмовы ўдзелу аб запаўненні на сайце персанальных даных і аб выражэнні згоды на ўдзел у рэкламнай гульні, і, такім чынам, не можа атрымаць выйгрыш. У сувязі з гэтым у такой сітуацыі выйгрыш павінен быць перададзены рэзервоваму пераможцу», — заявілі ў міністэрстве.

У найбліжэйшы час арганізатары гульні звяжуцца з новым уладальнікам 200 тысяч рублёў.

Беларус выйграў у Чарнагорыі буйны турнір па покеры і атрымаў вялізную суму

З'явіцца новая электронная латарэя, выпускаць будзе прадпрыемства на чале з былым ахоўнікам Лукашэнкі

26-гадовая паляшучка за шэсць месяцаў зрабіла 42 тысячы ставак у анлайн-казіно

Nashaniva.com