54-гадовую мінчанку судзяць за дапамогу палітвязням. Пра яе затрыманне раней не было вядома
Алене Тапарковай пагражае да сямі гадоў калоніі.
28.08.2024 / 08:00
Алена Тапаркова. Фота з яе старонкі ў Аднакласніках
Мінчанцы Алене Тапарковай 54 гады. Скончыла Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію (цяпер — БНТУ).
Імаверна, Алену затрымалі падчас рэйда на салідарных з палітвязнямі, які адбыўся напрыканцы студзеня 2024 года.
Суд над Аленай пачынаецца 5 верасня ў Мінскім гарадскім судзе. Яе вінавацяць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК). Судзіць яе будзе Святлана Макарэвіч, якая доўгі час судзіць людзей па палітычных справах.
Фота: zubr.in
Людзі, якія трапілі пад аблаву на салідарных з палітвязнямі, якая адбылася з 23 па 24 студзеня, кажуць, што лік тых, на каго завялі крымінальныя справы, можа быць значна большы, чым вядома праваабаронцам. Абсалютна непублічныя проста рабілі пераводы ці адпраўлялі пасылкі палітвязням з уласных сродкаў.
Ва ўсіх вядомых выпадках тым, хто дапамагаў палітвязням, прысуджалі пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі. Напрыклад, пенсіянерцы Наталлі Малец, якая дасылала малыя сумы з уласнай пенсіі, прысудзілі тры з паловай гады калоніі, а Ірыне Пагадаевай, якая даслала палітвязням агулам 188 рублёў, прысудзілі тры гады калоніі.