Павел Дураў пасля эміграцыі ў 2014 годзе бываў у Расіі не менш за 50 разоў

Дураў быў у Расіі ва ўсе ключавыя моманты для Telegram, пішуць «Важные истории».

27.08.2024 / 18:49

Павел Дураў. Фота: AP Photo / Tatan Syuflana, File

Заснавальнік Telegram Павел Дураў бываў у Расіі больш за 50 разоў у 2015-2021 гадах. Пра гэта стала вядома з базы памежнай службы ФСБ «Кардон», уцечка якой адбылася ў сеціва.

У красавіку 2014 года Павел Дураў пакінуў Расію, прадаўшы сваю долю ў створаным ім Вконтакте. Дураў вырашыў выехаць з краіны пасля таго, як расійскія спецслужбы патрабавалі ад яго раскрыць асабістыя даныя супольнасцяў, у якіх украінцы арганізоўвалі пратэсты падчас Еўрамайдану. Пазней ён таксама расказаў пра ператрусы і патрабаванне выдаліць суполкі расійскіх апазіцыянераў.

«Няма шляху назад. Асабліва пасля таго, як я публічна адмовіўся супрацоўнічаць з уладамі», — заявіў Дураў у 2014-м. Ён таксама апублікаваў эсэ «Сем прычын не вяртацца ў Расію», у якім раскрытыкаваў расійскія суды, заканадаўства і падатковую палітыку.

У нядаўнім інтэрв'ю Такеру Карлсану Дураў гаварыў, што не наведвае «буйныя геапалітычныя дзяржавы» — такія, як Расія, Кітай або ЗША.

Аднак журналістам стала вядома, што Дураў прыязджаў у Расію па шмат разоў на год у 2015-2017 і ў 2020-2021 гадах. Выключэннем стаў толькі перыяд, калі Крэмль абвясціў вайну Telegram і беспаспяхова спрабаваў яго блакаваць.

Першы візіт мільярдэра ў Пецярбург пасля «выгнання» адбыўся не раней за май 2015 года. Дакладная дата ўезду ў РФ не адлюстраваная ва ўцечках памежнай службы ФСБ. Магчыма, Дураў заязджаў у Расію праз Беларусь — перамяшчэння праз беларуска-расійскую мяжу ў базе могуць не фіксавацца.

З гэтага моманту і да канца 2017 года бізнэсмен прыязджаў у Маскву і Санкт-Пецярбург як мінімум 41 раз. У Расію з Фінляндыі заязджаў і ягоны брат Мікалай — праграміст, які фактычна і стварыў папулярны месенджар.

У 2017 годзе расійскія ўлады абвясцілі вайну Telegram. Яны патрабавалі ключы расшыфроўкі чатаў фігурантаў справы аб тэракце ў Санкт-Пецярбургу, а пасля адмовы лонданскага офіса Telegram спрабавалі заблакаваць месенджар. 

Дураў тады пагражаў парваць з краінай усе асабістыя і дзелавыя сувязі. Тым не менш, амаль увесь 2017 год ён наездамі правёў у Расіі. Вяртаўся прадпрымальнік у краіну нават пасля суда па пазове ФСБ — тады Telegram аштрафавалі. 

Пад Новы год Дураў усё ж выехаў з Пецярбурга і не вяртаўся ў Расію два з паловай гады, пакуль у яго не ўзніклі праблемы з ягоным блокчэйн-праектам TON і крыптавалютай Gram, пад якія ён прыцягнуў 1,7 млрд даляраў інвестыцый.

Запуск TON затармазілі ўлады ЗША. Камісія па каштоўных паперах і біржах западозрыла, што Telegram пад выглядам крыптавалюты хоча прадаць незарэгістраваныя каштоўныя паперы. Суд у Нью-Ёрку ў сакавіку 2020-га заблакаваў выпуск Gram, працэс па апеляцыі Дурава зацягнуўся. Узнікла небяспека застацца ў даўгах і нават страціць долю ў Telegram.

У чэрвені 2020-га Дураў у сваім афіцыйным акаўнце вітаў прапанову дэпутатаў Дзярждумы разблакаваць Telegram у Расіі. Ён даў справаздачу, што за мінулыя гады ягоная каманда стала больш эфектыўна выдаляць «экстрэмісцкую прапаганду», і паабяцаў падтрымліваць дэпутатаў, калі тыя захочуць змагацца з тэрарызмам, не парушаючы права на таямніцу перапіскі.

Тады ж Дураў упершыню за два з паловай гады вярнуўся ў Расію. Адначасова Раскамнагляд раптам разблакаваў Telegram у краіне па ўзгадненні з Генпракуратурай, «пазітыўна ацаніўшы выказаную заснавальнікам Telegram гатоўнасць супрацьдзейнічаць тэрарызму і экстрэмізму».

І тады ж Дураў урэгуляваў справы з уладамі ЗША, пагадзіўшыся вярнуць больш за мільярд даляраў інвестарам і заплаціць вялікія штрафы.

З чэрвеня 2020-га па кастрычнік 2021-га Дураў жыў паміж Расіяй, Еўропай і ААЭ. На гэты перыяд прыпадаюць блакаванні тэлеграм-бота «Разумнага галасавання» каманды Навальнага і іншых апазіцыйных ботаў перад выбарамі ў Дзярждуму 2021 года. 

21 кастрычніка 2021 года Дураў паляцеў з Расіі на Ібіцу і больш у краіну не вяртаўся, аднак туды надалей ездзіў ягоны асістэнт. Той самы, які суправаджаў бізнэсмена ў паездцы ў Азербайджан перад затрыманнем у Францыі.

Ці сустракаўся Дураў з уладамі Расіі падчас шматлікіх візітаў у Маскву і Пецярбург, невядома.

Макрон даўно і актыўна карыстаецца Telegram. Ён аматар месенджара — Politico

Паўлу Дураву выставілі абвінавачванне ў 12 злачынствах

Пасля арышту Дурава папулярнасць Telegram у свеце істотна вырасла

Пакуль Дураў сядзіць, да яго выказала прэтэнзіі венгерская анліфаншчыца Дыяна

Nashaniva.com