Дураў збіраўся сустракацца з Макронам перад затрыманнем? Вось хто пра гэта выдумаў

Гэтую навіну апублікавалі шматлікія медыя са спасылкай на французскую газету Le Canard enchaîné. Разабраліся, што за выданне пра гэта напісала і ці сапраўды Макрон сябруе са стваральнікам Telegram.

28.08.2024 / 08:30

Павел Дураў і Эмануэль Макрон. Фота: NickLubushko/wikimedia.org, dvidshub.net

Падхапілі гэтую інфармацыю як расійскія прапагандысты, гэтак і некаторыя тэлеграм-каналы і медыя, а таксама французскія крайне правыя папулісты.

Што за выданне Le Canard enchaîné

Le Canard enchaîné перакладаецца з французскай як «прыкаваная качка». Гэта найстарэйшае з дзеючых французскіх сатырычных выданняў, заснаванае ажно ў 1915 годзе. Спачатку газета была блізкая да крайне левых цячэнняў, але з 20-х адмежавалася ад іх, хоць яе аўтары троху больш сімпатызуюць левым, чым правым, і дагэтуль.

Адметна, што пры накладзе больш чым 500 тысяч асобнікаў газета зусім не публікуе рэкламы. Пры гэтым чысты прыбытак газеты — мільёны даляраў. Рэч у сотнях тысяч лаяльных чытачоў па ўсёй Францыі.

Сама газета складаецца з карыкатур, фельетонаў і скетчаў. Пры гэтым часта газета даследуе даволі складаныя тэмы і робіць гучныя расследаванні, але ніколі не здраджвае фірмоваму стылю.

Што напісала газета?

У апошнім выпуску невядомы аўтар, схаваны пад псеўданімам J.C., піша, што «Макрон не паспеў напаследак павячэраць з Паўлам Дуравым». Дураў, піша газета, адразу пасля затрымання заявіў паліцыі, што збіраецца на вячэру ў Елісейскі палац.

Пасля гэтага, працягвае аўтар, журналісты газеты Le Palmipède (такой не існуе) запыталіся ў Елісейскім палацы, ці праўда гэта. Там, маўляў, адказалі: прэзідэнт у той вечар быў на курорце Ле-Туке (яго жонка мае там дом), а Дураў адразу пасля затрымання пачаў хваліцца сваімі сувязямі і знаёмствамі ды выдумаў вячэру з Макронам.

Далей ідзе больш сур'ёзная частка нататкі. Аўтар схіляецца да думкі, што Павел Дураў прыехаў у Францыю, бо меркаваў, што французскія ўлады не будуць выстаўляць яму аніякіх абвінавачанняў і будуць ставіцца асабліва. «Макрон мае звычку рассцілаць чырвоную дывановую дарожку перад усімі запар тэхнамагнатамі, нават такімі мутнымі, як Ілан Маск», — піша аўтар.

«Але, падобна, гэтым разам тэлеграма да Макрона не дайшла…» – іранізуе газета, абыгрываючы падабенства французскага слова télégramme і назвы месенджара Дурава.

Дык ці збіраўся Дураў сустракацца з Макронам?

Не, гэта жарт.

Le Canard enchaîné проста хацеў у характэрнай манеры ўпікнуць французскі ўрад за неразборлівасць у сувязях. Акрамя ўсяго іншага, газета спачатку, яшчэ да выхаду нумару, апублікавала гэтую нататку ў твітары, імаверна, каб павялічыць продажы.

Павел Дураў пасля эміграцыі ў 2014 годзе бываў у Расіі не менш за 50 разоў

Макрон даўно і актыўна карыстаецца Telegram. Ён аматар месенджара — Politico

Ці пагражае нешта Telegram пасля затрымання Паўла Дурава?

Nashaniva.com