У Асіповічах дзеці чысцілі ровар у гаражы і ледзь не загінулі — на іх загарэлася адзенне 

Адзін з хлопчыкаў вырашыў пагуляць з газавым балонам.

28.08.2024 / 12:46

Фота: МНС

Хлопчыкі 12 і 14 гадоў увечары 27 жніўня патрапілі ў лякарню ў Асіповічах з апёкамі. 

Дзеці бавілі час у гаражы ў адным з кааператываў. Адзін з хлопцаў чысціў тармазныя калодкі ў ровары — для гэтага ён абрэзаў бутэльку і наліў туды бензін.

У гэты час другое дзіця знайшло партатыўны газавы балон з газавай гарэлкай і вырашыў з ім пагуляць. У выніку адбыўся выбух парапаветранай сумесі і пачаўся пажар. На дзецях загарэлася адзенне.

Хлопчыкі ўпалі на падлогу і пачалі перакочвацца, што дапамагло ім патушыць адзенне. Яны выкаціліся на вуліцу, дзе ім на дапамогу паспяшаліся відавочцы з суседніх гаражоў, якія патушылі агонь з дапамогай вады і вогнетушыцеля. Сусед, які знаходзіўся ў гаражы непадалёк адвёз дзяцей у бальніцу.

Амаль цалкам адзенне згарэла, агонь пашкодзіў і маёмасць, што знаходзілася ў гаражы. МНС праводзіць праверку.

Nashaniva.com