Латушка прапанаваў еўрапейцам запрасіць Рыжанкова пры адной умове

Палітык назваў умову, якую варта паставіць перад міністрам у абмен на магчымасць ездзіць у Еўропу.

28.08.2024 / 17:22

Максім Рыжанкоў і Павел Латушка. Фота: «Наша Ніва»

У эфіры радыё «Рацыя» кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка агучыў сваю прапанову міністру замежных спраў Беларусі Максіму Рыжанкову.

Ён нагадаў, што Рыжанкоў знаходзіцца пад санкцыямі Еўрапейскага саюза.

Латушка лічыць, што ёсць сігналы аб тым, што Рыжанкоў будзе імкнуцца прыехаць на саміт АБСЕ на Мальту. «Заходнікі (мы ведаем, на жаль, нашых партнёраў) у гэтым кантэксце могуць не праявіць цвёрдасць і сказаць: «Ну так, дыпламаты ж павінны размаўляць» (нават падчас вайны дыпламаты размаўляюць). Яны могуць зняць санкцыі з Рыжанкова».

«Я стаўлю пытанне, калі яны ўсё-такі ідуць на гэта. Для таго, каб Рыжанкоў атрымаў магчымасць ездзіць у Еўропу, ён павінен вызваліць сотні беларускіх палітзняволеных. Сотні», — заявіў Латушка.

«Лічбамі я гуляць не буду. Але сотні ён павінен вызваліць, калі ён хоча прыехаць на саміт АБСЕ, калі ён хоча прыехаць калісьці ў Еўропу.

Гэта ўмова. А гэта ўжо наша задача давесці нашым заходнім партнёрам. І сумленне нашых партнёраў, ці яны пачуюць нашу прапанову. Бо я як палітык магу агучыць, абавязкова скажу гэта міністрам замежных спраў. (…) Але іх ужо таксама будзе адказнасць паставіць гэта пытанне рубам перад Рыжанковым: хочаш прыехаць — вызваляй», — выказаў сваю пазіцыю Павел Латушка.

Рыжанкоў: У мяне і бабуля, і мама былі чыстымі полькамі

Рыжанкоў: Беларусь гатова да дыялогу з Польшчай па сітуацыі на мяжы

Лукашэнка даручыў Рыжанкову «прывесці ў прытомнасць» МЗС

Nashaniva.com