У раскопках на Менцы чарговая сенсацыя: знайшлі могілкі XI стагоддзя
Пахаванні ўнутры гарадскіх умацаванняў у раннехрысціянскі перыяд сведчаць пра тое, што тут былі пахаваныя людзі з высокім статусам у грамадстве, піша Sputnik.
28.08.2024 / 20:22
Фота: Sputnik
Старажытны пагост
«Мы зрабілі нечаканую знаходку, пра якую нават не маглі здагадвацца. У куце профілю раскопу мы знайшлі сляды ног чалавека ў пахаванні. Мы пачалі раскрываць суседнія ямы і выявілі ў іх пахаванні», — расказаў карэспандэнту Sputnik загадчык аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Інстытута гісторыі НАН Андрэй Вайцяховіч.
Паводле яго слоў, на гэты момант выяўленыя два поўныя пахаванні і фрагмент яшчэ аднаго. Яны знаходзяцца ў магільных ямах і перакрытыя культурным пластом эпохі старажытнарускіх княстваў.
«Мы можам з упэўненасцю гаварыць пра тое, што гэтыя пахаванні XI-XII стагоддзяў», — звярнуў увагу кіраўнік раскопак.
Раннія хрысціяне
Андрэй Вайцяховіч асабліва адзначыў, што ў старажытных гарадах унутры гарадскіх сцен проста так ніхто не ладзіў могілкі. Яны маглі з'явіцца толькі пры адной умове: калі ў горадзе была царква. Толькі каля яе сцен можна было здзяйсняць пахаванні.
«Такіх прыкладаў шмат. Дапусцім, Гродзенская Каложа. Там практычная ўся тэрыторыя ўздоўж сцен у пахаваннях», — сказаў археолаг.
На ягоную думку, зробленая знаходка з'яўляецца прыкладам класічных раннехрысціянскіх могілак каля храма. Тут у горадзе храм быў недалёка ад уезду ў гарадзішча з заходняга боку.
Пахаванні каля храма былі статуснымі і тут маглі быць пахаваныя толькі прадстаўнікі мясцовай эліты. Тым больш, што ў XI-XII стагоддзях хрысціянства яшчэ не было масавым і людзей працягвалі хаваць у курганах, у тым ліку і тут.
Фота: Sputnik
Самая старажытная царква
«Тут маглі быць пахаваныя святары ці людзі, звязаныя з царквой. Гэта пакуль толькі здагадка, таму што ўсе пахаванні ідуць без інвентара. Раннія хрысціяне тут у процівагу паганству лічылі, што чалавек павінен адыходзіць так, як прыйшоў у гэты свет — без нічога», — растлумачыў Андрэй Вайцяховіч.
Ён мяркуе, што тут, на гарадзішчы на Менцы, знаходзілася самая старажытная хрысціянская царква ў гэтым рэгіёне. Цяпер неабходна яе лакалізаваць, што будзе дастаткова складана зрабіць, паколькі яна, напэўна, была драўлянай.
Паводле слоў навукоўца, каменны храм у Высокім Сярэднявеччы будаваць было цяжка, доўга і дорага. У Менску на Свіслачы каменны храм пачалі будаваць у канцы XII стагоддзя і так і не дабудавалі. Справа абмежавалася падмуркам. Каменны храм маглі сабе дазволіць толькі такія гарады, як Полацк.
Знойдзеныя раней шматлікія нацельныя крыжыкі і прадметы, якія гавораць пра высокі статус уладальнікаў, разам з выяўленым могілкамі дазваляюць зрабіць выснову, што тут быў раннехрысціянскі цэнтр. Прычым крыжыкі былі як скандынаўскага тыпу канца Х стагоддзя, так і кіеўскага з эмалямі, якія адносяцца да XI-XII стагоддзяў.
«Усе гэтыя знаходкі сведчаць, што хрысціянства тут ужо пасля прыняцця хрысціянства на Русі развівалася. Любы горад у Сярэднявеччы ў першую чаргу быў цэнтрам хрысціянізацыі», — падсумаваў Андрэй Вайцяховіч.