Хто ўзначаліць Беларусь пасля Лукашэнкі? Вынікі вялікага апытання

Сёлета Аляксандру Лукашэнку спаўняецца 70 гадоў. Не глыбокая старасць, але ўзрост больш чым сталы. Нядаўна ён заклікаў беларусаў рыхтавацца да новага прэзідэнта, унесены законапраект аб гарантыях былому прэзідэнту. Гэтыя заявы і крокі насамрэч ня сведчаць пра тое, што ён забіраецца сыходзіць з пасады, а тым больш — ад улады. Але пра будучыню, у тым ліку і будучыню пасля яго, Аляксандр Лукашэнка відавочна задумваецца. І не ён адзін. Беларуская служба «Радыё Свабода» папрасіла падумаць над гэтым дзясяткі экспертаў — палітолагаў, палітычных аналітыкаў, журналістаў.

29.08.2024 / 09:36

Апытаньне праводзілася 1—10 жніўня 2024 году мэтадам анкетаваньня. У ім узялі ўдзел 43 экспэрты — грамадзяне Беларусі, ЗША, Канады, Літвы, Польшчы, Расеі і Ўкраіны.

Сцэнары зьмены ўлады ў Беларусі

Як могуць адбыцца зьмены ў Беларусі? Разьмеркаваньне адказаў экспэртаў на гэтае пытаньне — на наступным графіку.

*Экспэртаў прасілі пазначыць толькі адзін, найбольш імаверны сцэнар, аднак некаторыя пазначалі некалькі, таму сумма адказаў больш за колькасьць рэспандэнтаў.

З графіку бачна, што крыху больш за палову экспэртаў лічаць самым імаверным, рэалістычным варыянтам зьмены ўлады ў Беларусі сьмерць Аляксандра Лукашэнкі.

З гэтых адказаў не вынікае, што тыя, хто даў такі адказ, адмаўляюць магчымасьць іншых шляхоў зьмены ўлады ў краіне. Гледзячы па ўсім, яны проста лічаць іншыя варыянты менш імавернымі ці менш пэўнымі ў сэнсе наступстваў.

Сьмерць Аляксандра Лукашэнкі паводле вызначэньня будзе азначаць зьмену ўлады, прынамсі пэрсанальную — памёршы, ён займаць цяперашнюю пасаду дакладна ня зможа. Тыя, хто выбраў такі варыянт адказу, не тлумачылі, якіх зьменаў ва ўладзе, акрамя пэрсанальных, яны чакаюць пасьля сьмерці цяперашняга кіраўніка.

Пры гэтым прыкладна кожны чацьвёрты экспэрт пазначыў у якасьці найбольш імавернага сцэнару рэформу палітычнай сыстэмы, ініцыяваную Аляксандрам Лукашэнкам. Гэты адказ быў не абавязкова зьвязаны са станоўчым стаўленьнем экспэрта. Яго давалі і адмыслоўцы, якія ня маюць да Лукашэнкі цёплых пачуцьцяў.

Справа ў тым, што рэформы бываюць розныя. Правядзеньне канкурэнтных свабодных выбараў кіраўніка дзяржавы, хай нават у іх возьме ўдзел і сумленна пераможа на іх Аляксандар Лукашэнка, безумоўна, будзе рэформай. Але і пакіданьне пасады прэзыдэнта, няўдзел у выбарах налета з захаваньнем за сабой пасады старшыні Ўсебеларускага народнага сходу і рэальнай улады ў дзяржаве таксама можа разглядацца як рэформа. Напэўна, розныя экспэрты, якія палічылі гэты варыянт зьмены ўлады найбольш імаверным, мелі на ўвазе розныя варыянты рэформы.

Іншыя варыянты — як сілавыя (палацавы пераварот і паход узброеных праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі з-за мяжы), гэтак і мірныя (добраахвотны сыход Лукашэнкі) — набралі вобмаль галасоў.

Паказальна, што ніводзін не пазначыў у якасьці імавернага шляху зьмены ўлады ані рэвалюцыю, ані замежнае ўварваньне з Захаду ці Ўсходу.

У грамадзкіх дыскусіях у Беларусі раз-пораз выказваецца думка, што пратэсты 2020 году не прайгралі. Аднак, як бачым, паўтарэньня нечага падобнага ў агляднай будучыні не палічыў імаверным ніхто з апытаных экспэртаў.

Даволі шмат экспэртаў — прыкладна кожны шосты — прапанавалі свае варыянты адказу, не прадугледжаныя ў васьмі прапанаваных. Ніжэй мы прыводзім апісаньні экспэртамі сваіх варыянтаў адказу на пытаньне.

• «Калі пад «зьменай улады» разумець зьмену палітычнай сыстэмы, то найбольш рэалістычным падаецца наступны сцэнар: дэзынтэграцыя пуцінскай улады (напр. на фоне ваенных праблемаў) — хістаньні ўнутры лукашэнкаўскай сыстэмы — чарговы грамадзянскі ўздым у Беларусі — перамовы паміж прадстаўнікамі рэжыму і апазыцыяй — трансфармацыя».

• «Заканчэньне (замарожваньне) вайны ва Ўкраіне і стабілізацыя (нармалізацыя) стасункаў Расеі і Захаду. Калі такое, натуральна, адбудзецца да сьмерці Лукашэнкі».

• «Транзыт улады пры жыцьці Лукашэнкі».

• «Захаваньне status quo на няпэўны тэрмін».

• «Зьмена лідэра ў Расеі з наступным узаемным прыстасаваньнем Менску і Масквы да новай рэальнасьці».

• «Перамога Ўкраіны і сыход Лукашэнкі як вынік пераменаў».

Некаторыя экспэрты выбіралі камбінацыю варыянтаў, прапанаваных у анкеце. Часам тлумачылі свой выбар.

• Зьмена ўлады на ўмовах, накінутых Аляксандрам Лукашэнкам (рэформа палітычнай сыстэмы, выбар пераемніка ці нешта яшчэ).

• Рэформа палітычнай сыстэмы, ініцыяваная Аляксандрам Лукашэнкам за 5 хвілін да сьмерці.

• Рэформа палітычнай сыстэмы, ініцыяваная Аляксандрам Лукашэнкам, якая будзе суправаджацца паступовым ці імклівым палацавым/унутрыэлітным пераваротам (case Казахстану).

• Добраахвотная адмова Аляксандра Лукашэнкі ад улады і рэформа палітычнай сыстэмы, ініцыяваная ім. Пакідаю гэтыя два варыянты, бо бачу іх як адзіны крок: адмова ад улады пасьля ініцыяванай ім жа палітычнай рэформы.

• Уцягваньне рэжыму Лукашэнкі наўпрост у вайну супраць Украіны, усьлед за чым стане магчымай ваенная апэрацыя ўзброенай апазыцыі з-за мяжы ў Беларусі.

Пасьля Лукашэнкі: новая ўлада «паводле тастамэнту»

Экспэртам у нашым апытаньні таксама прапаноўваліся два пытаньні пра гіпатэтычную сытуацыю раптоўнага адыходу ад улады Аляксандра Лукашэнкі — хто тады ўзначаліць краіну? Прапаноўвалася два сцэнары — калі Лукашэнка перад сыходам прызначае пераемніка і калі ён раптоўна сыходзіць, ня маючы магчымасьці прызначыць спадкаемца.

На першы погляд пытаньні нагадваюць гаданьне на гушчы ад кавы. Аднак насамрэч яны — пра экспэртную ацэнку палітычнай вагі, моцы пэрсанажаў беларускай палітычнай эліты.

*Экспэртаў прасілі назваць толькі адну асобу, аднак некаторыя назвалі некалькі, таму сума адказаў больш за колькасьць рэспандэнтаў

На думку экспэртаў, бясспрэчны лідэр «спадкаемцаў паводле тастамэнту» — Віктар Лукашэнка. Хоць сам Аляксандар Лукашэнка неаднаразова казаў, што ўладу сынам не перадасьць, амаль кожны другі экспэрт лічыць, што калі некаму і перадасьць, то менавіта старэйшаму сыну.

За ім зь вялікім адставаньнем — фактычна тройка з прыкладна роўнай колькасьцю галасоў: кіраўніца Савету Рэспублікі Натальля Качанава, прэм’ер Раман Галоўчанка і кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзьмітры Круты. Гэтая тройка — самыя высокапастаўленыя чыноўнікі ў дзяржаве. Магчыма, экспэрты, называючы іх, зыходзілі менавіта зь іх афіцыйнага статусу, а ня зь ведаў пра асабістыя перавагі Аляксандра Лукашэнкі.

Усе іншыя прыгаданыя экспэртамі кандыдаты набралі па адным голасе. Толькі адзін экспэрт назваў самым імаверным спадкаемцам Мікалая Лукашэнку, а адзін жартаўнік — любімага Лукашэнкавага сабаку Умку.

Варта заўважыць, што Віктара Лукашэнку назвала хоць і бясспрэчная большасьць, але толькі адносная. Адзін з экспэртаў патлумачыў, чаму ня выбраў яго:

«Калі сьмерць наблізіцца да яго раней, чым Лукашэнка плянуе (а ў ягоных плянах — дажыць і дакіраваць да 35-годзьдзя Мікалая, калі паводле дзейнай Канстытуцыі любімы сын зможа быць абраны прэзыдэнтам), то магчымая «часовая арэнда» прэзыдэнцкага фатэля Віктарам Лукашэнкам. Аднак узровень недаверу бацькі старэйшаму сыну настолькі высокі, што такі варыянт малаімаверны».

Пасьля Лукашэнкі: новая ўлада «па законе» ці «па факце»

У наступным графіку прыводзяцца адказы на пытаньне, хто найбольш імаверна стаў бы на чале Беларусі, калі б Аляксандар Лукашэнка сышоў ад улады, не назваўшы пераемніка.

*Экспэртаў прасілі назваць толькі адну асобу, аднак некаторыя назвалі некалькі, таму сума адказаў больш за колькасьць рэспандэнтаў

Як бачым, адказы на гэтае пытаньне істотна адрозьніваюцца ад адказаў пра гіпатэтычных «прызначаных спадкаемцаў». Перш чым тлумачыць гэтыя адрозьненьні, зробім невялічкія юрыдычнае і сацыялягічнае адступленьні.

Паводле рэдакцыі Канстытуцыі, прынятай на рэфэрэндуме 28 лютага 2022 году, у выпадку, калі дзейны прэзыдэнт Беларусі няздольны выконваць свае абавязкі, часовым выканаўцам ягоных абавязкаў робіцца старшыня Савету Рэспублікі. У выпадку гібелі прэзыдэнта ягоныя паўнамоцтвы пераходзяць часова да Рады бясьпекі, старшынюе ў якой ізноў жа старшыня Савету Рэспублікі. Цяпер гэта Натальля Качанава.

Паводле ранейшай рэдакцыі Канстытуцыі часовым пераемнікам прэзыдэнта, які стаў недзеяздольным, быў прэм’ер-міністар. І да рэфэрэндуму, і цяпер гэтую пасаду займаў і займае Раман Галоўчанка.

Аднак пытаньне апошняга графіку — не пытаньне на веданьне Канстытуцыі. У ім адмыслова не пазначаліся часавыя рамкі. Досьвед многіх аўтарытарных і таталітарных рэжымаў сьведчыць, што пэрсона, якая прыходзіць да ўлады адразу пасьля сыходу ўладара, не абавязкова доўга ўтрымліваецца на пасадзе.

Пасьля сьмерці Ёсіфа Сталіна ягоным пераемнікам стаў Георгі Малянкоў. Але неўзабаве, у выніку ўнутрыапаратнай барацьбы, фактычным лідэрам СССР, а праз пэўны час і фармальным, стаў Мікіта Хрушчоў. Гэтак жа адразу пасьля сьмерці Мао Цзэдуна Кітай спачатку ўзначаліў Хуа Гофэн, але ў адносна хуткім часе, у выніку жорсткай палітычнай барацьбы, фактычным кіраўніком КНР стаў Дэн Сяопін.

Так што фармальны адказ на пытаньне апошняга графіку — Натальля Качанава. Такі адказ далі толькі крыху больш за чвэрць экспэртаў. Качанава набрала больш за ўсіх астатніх, але не нашмат. На другім месцы апынуўся Раман Галоўчанка.

Мы адмыслова пыталіся ў экспэртаў, якія назвалі яго, ці ведаюць яны, што паводле зьменаў у Канстытуцыю, зробленых па выніках рэфэрэндуму 2022 году, прэм’ер ужо не зьяўляецца пераемнікам паводле закону. 9 экспэртаў адказалі, што ведаюць, і што, назваўшы Галоўчанку, мелі на ўвазе, што ён узначаліць краіну ў выніку палітычнай барацьбы.

Вось некаторыя тлумачэньні экспэртамі іх выбару:

• «Галоўчанку зацьвердзіць Масква. Качанаву папросяць адмовіцца ад пасады».

 «Я ня думаю, што ў выпадку крызісу Качанавай дадуць кіраваць краінай. Я таксама ня думаю, што рознага роду «фармальнасьці» будуць уплываць на тое, хто атрымае ўладу. Паколькі ў краіне ніхто не абапіраецца на закон, а закон падганяюць пад патрэбы, то любому рашэньню знойдуць (прыдумаюць) абгрунтаваньне».

• «Фармальна Качанава, але хто яна без Лукашэнкі? Зьбярэ праз тыдзень пасяджэньне чаго заўгодна і саступіць месца Галоўчанку, як чалавеку з больш сур’ёзнай базай. Усё ж ня Швэцыя якая, каб паперкамі замарочвацца».

Пераемнікам «па факце» бачаць Віктара Лукашэнку толькі 4 экспэрты, іх амаль у 5 разоў менш, чым тых, хто разглядае яго як імавернага «прызначанага спадкаемцу». Столькі ж набраў і Дзьмітры Круты, у якога рэйтынгі і прызначанага, і фактычнага пераемніка практычна супалі.

Некалькі экспэртаў назвалі Аляксандра Вальфовіча, дзяржсакратара Рады бясьпекі. Дарэчы, ён нарадзіўся не ў Беларусі і таму паводле Канстытуцыі прэзыдэнтам краіны быць ня можа. Але ніадкуль не вынікае, што наступным фактычным лідэрам будзе менавіта асоба, якая займае пасаду прэзыдэнта.

Тры экспэрты далі непэрсаналізаваны адказ — стаўленік Крамля. Вось іх тлумачэньні.

• «Калі ня будзе запушчаны сцэнар гвалтоўнай сьмерці, рашэньне аб «пераемніку» будзе прымацца не ў Беларусі, а ў Крамлі: ім можа быць найбольш ляяльны і залежны ад Крамля чалавек з прадстаўнікоў палітычных элітаў Беларусі».

• «Чалавек, прызначаны Масквой. Хутчэй, бюракрат ці сілавік высокага ўзроўню. Імя назваць не магу. Яго задачай будзе падрыхтоўка «ўзьяднаньня» з Расеяй. Калі анэксія адбудзецца, то кіраўніком Беларускай фэдэральнай акругі стане грамадзянін РФ».

• «Хутчэй за ўсё, гэта быў бы стаўленік Расеі. Або, што менш імаверна, на пэўны час узьнікне калектыўнае кіраўніцтва, пакуль ня вызначыцца вядучая фігура ў новай канструкцыі беларускай улады».

Па адным голасе атрымалі Павал Латушка і камандзір палку Каліноўскага. Гэта сьведчаньне таго, што кардынальных палітычных зьменаў, прыходу да ўлады апазыцыі, экспэрты ў выпадку сыходу Лукашэнкі не прадбачаць. Прынамсі ў агляднай будучыні.

Лацінская прымаўка кажа: Голас народу — голас Бога. Пра такое ж значэньне голасу экспэртаў рымляне не выказваліся. Так што вынікі апытаньня, прадстаўленыя вашай увазе, ня варта разглядаць як дакладны прагноз будучыні Беларусі. Тым ня менш можна спадзявацца, што яны паспрыяюць лепшаму разуменьню таго, што чакае краіну.

Хто ўдзельнічаў у апытаньні «Радыё Свабода»

Апытаньне праводзілася 1—10 жніўня 2024 году мэтадам анкетаваньня. Адказаць было прапанавана 60 экспэртам, узялі ўдзел у апытаньні 43 экспэрты — грамадзяне Беларусі, ЗША, Канады, Літвы, Польшчы, Расеі і Ўкраіны.

Nashaniva.com