Украінскія памежнікі расказалі, што яны цяпер назіраюць на беларускай мяжы

Пагранічнікі не фіксуюць накаплення або перамяшчэння вайсковых сіл і сродкаў Беларусі ў непасрэднай блізкасці да дзяржаўнай граніцы Украіны, але назіраюць гэта ўнутры краіны. 

29.08.2024 / 10:13

«Па самой лініі мяжы ўсе складнікі Сіл абароны нашай краіны цалкам кантралююць па ўсёй працягласці ад Валыні да Чарнігаўшчыны, і нейкіх нестандартных сітуацый непасрэдна па лініі мяжы мы не адзначалі. Акрамя таго, мы не фіксуем, каб у непасрэднай блізкасці да нашай мяжы адбывалася перамяшчэнне тэхнікі або асабовага складу або істотнае нарошчванне падраздзяленняў арміі Беларусі», — сказаў спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка ў эфіры нацыянальнага тэлемарафона, піша «Украінская праўда». 

Але, паводле яго слоў, улічваючы, што Беларусь застаецца ў арбіце ўплыву Расіі, Украіна рыхтуецца да развіцця любых сітуацый.

«У тым ліку адносна заяў, і звестак, якія мы маем, што ў глыбіні тэрыторыі Беларусі ўсё ж ідзе нейкае перамяшчэнне тэхнікі і асабовага складу, розных падраздзяленняў, пэўнае нарошчванне. Спадзяемся, вядома, што ў Беларусі хопіць розуму не рабіць неабдуманых крокаў і спробаў дэстабілізацыі сітуацыі на нашым кірунку. Бо нашы воіны дадуць адэкватны адказ», — дадаў ён. 

Па словах Дземчанкі, беларускія войскі знаходзяцца на адлегласці ў дзясяткі кіламетраў ад украінскай мяжы (на розных адрэзках розная адлегласць). 

Увечары 25 жніўня Міністэрства замежных спраў Украіны заявіла аб засяроджванні значнай колькасці асабовага складу і тэхнікі ўзброеных сіл Беларусі каля мяжы з Украінай пад выглядам вучэнняў, а таксама аб прысутнасці там былых «вагнераўцаў», і заклікала не рабіць трагічных памылак пад ціскам Масквы.

Маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» адзначыла, што групоўка беларускіх войскаў на граніцы з Украінай складае каля 1100 чалавек і не нясе пагрозы.

У ДПСУ канстатавалі, што сітуацыя ля мяжы з Беларуссю па стане на 26 жніўня застаецца нязменнай і кантраляванай, перакідка ваенных сіл і тэхнікі не зафіксавана. 

Сёння ноччу гамельчукі прачнуліся ад выбухаў

Тры «шахеды» ноччу ўваходзілі ў паветраную прастору Беларусі

Беларускія вайскоўцы шукаюць спецыялістаў з веданнем замежных моў

Nashaniva.com