Дзе знаходзяцца краіны з самым маладым насельніцтвам?

У іх больш за палову насельніцтва мае да 18 гадоў. А наколькі старая Беларусь?

29.08.2024 / 13:06

Звесткі аб сярэднім медыянным узросце насельніцтва прыводзіць  CIA World Factbook (Сусветная кніга фактаў — даведнік, які складаецца і рэгулярна абнаўляецца ЦРУ для патрэб ураду ЗША).

Такім чынам, самым маладым кантынентам з'яўляецца Афрыка. Там знаходзіцца 21 краіна з самым нізкім медыянным узростам насельніцтва. На іншым канцы спісу — Еўропа.

Самай маладой краінай з'яўляецца Нігер, дзе медыянны ўзрост насельніцтва складае 15,2 года. Яшчэ ў сямі краінах Афрыкі палова насельніцтва мае да 18 гадоў. Гэта Уганда (16,2 года), Ангола (16,3), Малі (16,4), Чад (16,7), Дэмакратычная Рэспубліка Конга (16,9), Бенін (17,2) і Мазамбік (17,3).

Калі зірнуць за межы Афрыкі, то самай маладой з'яўляецца Палестына. Так, у сектары Газа палова насельніцтва мае менш за 19,5 года, на Заходнім Беразе — 21,9. Далей ідзе Афганістан (20 гадоў), Усходні Тымор (20,7) і Папуа-Новая Гвінея (21,7).

У Еўропе самы малады сярэдні ўзрост насельніцтва (32 гады) мае Косава. Пасля ідуць Албанія (36 гадоў) і Ісландыя (38). Самым старым у свеце з'яўляецца Княства Манака. Там сярэдні ўзрост насельніцтва сягае 57 гадоў (56,9).

Самыя маладыя краіны свету. Крыніца: Statista.com

Розныя праблемы старых і маладых краін

Як адзначае Statista, у той час, як самыя старыя краіны свету, у тым ліку Японія, Італія, Іспанія і Германія, дзе сярэдні ўзрост насельніцтва складае ад 47 да 50 гадоў, шукаюць шляхі вырашэння дэмаграфічнай праблемы, якая пагражае эканамічнаму росту, у вельмі маладых краін Афрыкі супрацьлеглая праблема — іх эканомікі, інстытуты і адукацыйныя ўстановы не ў стане ахапіць клопатам вялікую колькасць дзяцей і маладых людзей, якія там пражываюць.

Сусветны банк прагназуе, што высокая нараджальнасць у бедных краінах пагоршыць стан здароўя іх жыхароў, скароціць інвестыцыі ў чалавечы капітал і замарудзіць эканамічны рост.

У Нігеры вялікую праблему ствараюць беднасць і дзіцячыя шлюбы. Краіна працуе над скарачэннем дзіцячых шлюбаў і нараджальнасці, якая ў краіне і рэгіёне традыцыйна асацыюецца з шанцам на больш багатае жыццё.

Як выглядае Беларусь 

У Беларусі, адпаведна CIA World Factbook, сярэдні медыянны ўзрост насельніцтва складае 42,1 года. Пры гэтым палова мужчын краіны маюць менш за 39,5 года, а жанчын — менш за 45 гадоў.

Па гэтым паказчыку Беларусь знаходзіцца на 184 месцы з 229. Перад ёю такія краіны, як Бельгія (42 гады) і Расія (41,9). Горш сітуацыя выглядае ў Даніі і Нідэрландах, дзе сярэдні медыянны ўзрост складае 42,2 года.

Польшча займае ў рэйтынгу 192 пазіцыю з паказчыкам у 42,9 года. Украіна знаходзіцца на 205 месцы з сярэднім медыянным узростам насельніцтва ў 44,9 года, Літва — на 212 (45,1), Латвія — на 213 (45,5).

Зніжэнне нараджальнасці ва ўсім свеце можа адбыцца хутчэй, чым чакалася

У Літве — самая нізкая за 60 гадоў нараджальнасць. Палітыкі спадзяваюцца на беларусаў і ўкраінцаў

Чэшскі дэмаграфічны цуд: у іх была самая нізкая нараджальнасць у свеце, сёння яны лідары ў Еўропе

Антось Жупран