Лукашэнка сказаў СМІ не «валіць» на яго карысць, калі ён стане кандыдатам на выбарах

Аляксандр Лукашэнка 29 жніўня праводзіць нараду па СМІ. Яна абвяшчалася як закрытая, але і адкрытая яе частка насычаная. Гаворачы з галоўнымі прапагандыстамі краіны, Лукашэнка «арыентуе» СМІ не «валіць» на яго карысць, калі ён стане кандыдатам на наступных прэзідэнцкіх выбарах, а «аб'ектыўна паказваць людзям, што зроблена за мінулы перыяд», піша БЕЛТА

29.08.2024 / 12:52

«Я, вядома, удзячны ўсім вам, што вы бераце самыя актуальныя тэмы нашага жыцця. І мяне там часам нядрэнна паказваеце, — сціпла заўважыў Лукашэнка. — Дзякуй, вядома. Але нам трэба будзе ў гэтую перадвыбарчую кампанію паказаць, чаго мы дасягнулі ў гэты час. І нам зноў не трэба кагосьці за вушы сюды цягнуць.

Ёсць што паказаць людзям. Так, у нас ёсць нямала недахопаў. Ну што зрабіць … ва ўсіх яны ёсць. Але зроблена нямала, і трэба гэта людзям паказаць. А людзі хай ужо вызначаюць, што ім рабіць, і каго выбіраць», — сарыентаваў ён. 

Адзначыўшы ролю беларускіх дзяржСМІ ў падрыхтоўцы перадвыбарнай кампаніі, Лукашэнка сказаў, што не варта хваліць толькі яго. 

«Валіць на карысць дзеючага прэзідэнта, калі ён будзе кандыдатам, нам таксама не трэба. Спакойна трэба паказаць тое, што ёсць», — сказаў ён. 

Nashaniva.com