У Расіі затрымалі яшчэ аднаго намесніка міністра абароны

Крымінальная справа аб махлярстве заведзеная ў дачыненні да былога намесніка міністра абароны РФ Паўла Папова. Да гэтага Папоў 11 гадоў быў намеснікам міністра абароны. Гэта ўжо трэці затрыманы намеснік Сяргея Шайгу.

29.08.2024 / 13:15

Павел Папоў затрыманы СК РФ па справе аб махлярстве. Па версіі следства, ён узбагаціўся за кошт парка «Патрыёт».

За кошт рэсурсаў парка Папоў пабудаваў загарадны дом і добраўпарадкаваў участак плошчай каля 3 гектараў. Ён таксама прымушаў камерцыйныя кампаніі бясплатна выконваць будаўнічыя работы і займацца абслугоўваннем гэтага дома, сцвярджае СК.

Павел Папоў быў звольнены разам з першым намеснікам міністра абароны РФ Русланам Цалікавым, а таксама з двума намеснікамі міністра — Таццянай Шаўцовай і Мікалаем Панковым — указам Пуціна 17 чэрвеня.

Папоў доўгі час працаваў з Шайгу. З 1996 года ён працаваў на кіруючых пасадах у МНС, з 2008 па 2013 гады быў намеснікам Шайгу ў МНС.

Папоў стаў трэцім затрыманым намеснікам міністра. Да яго следчыя затрымалі за карупцыю Дзмітрыя Булгакава і Цімура Іванова.

Nashaniva.com