Беларускі аналаг YouTube запусцяць 12 верасня. Там будуць паказваць дзяржТБ
Намеснік кіраўніка адміністрацыі далажыў Аляксандру Лукашэнку пра стварэнне платформы videobel.by і назваў праект «дастаткова слабым».
29.08.2024 / 15:29
Беларускі аналаг YouTube, які атрымаў назву videobel.by, будзе запушчаны 12 верасня.
Пра гэта на нарадзе ў Лукашэнкі расказаў Уладзімір Пярцоў. Пры гэтым ён назваў платформу дастаткова слабым аналагам YouTube, піша БелТА.
«Відэахостынг videobel.by. Гэта наша першая OTT-платформа, на якой будуць размяшчацца праграмы і розныя рубрыкі. І нават пазаэфірныя актыўнасці стваральнікаў відэакантэнту. Калі хочаце, гэта дастаткова слабы аналаг, але такі першы крок да стварэння беларускага YouTube», — зазначыў Пярцоў.
Ён намякнуў на запаволенне YouTube у Расіі, адзначыўшы, што не можа прадбачыць, што адбудзецца з платформай далей.
«Вы бачыце, што адбываецца з YouTube і іншымі OTT-сэрвісамі. Мы не можам прадбачыць, мы не можам ведаць, як будзе гэтая сітуацыя развівацца далей. Але мы ведаем дакладна, што беларускі глядач хоча глядзець (і не толькі беларускі) відэа па запыце праз персанальны кампутар, мабільны тэлефон там, дзе яму гэта зручна, у той час, калі яму гэта зручна рабіць. Гэты праект будзе запушчаны 12 верасня», — анансаваў Пярцоў.
На платформе можна будзе глядзець дзяржканалы ў рэжыме лайваў, а на галоўнай старонцы будзе стужка навін БелТА.