У ЗША выявіўся свой «ябацька-ветэран», але на ўзроўні фота з Байдэнам і сваёй ПВК

У ЗША расследуюць справу аб махлярстве прадпрымальніка з Індыі, які выдаваў сябе за агента ЦРУ, заяўляў пра намеры стварыць прыватную вайсковую кампанію і шчодра падмазваў Дэмакратычную партыю ЗША.

29.08.2024 / 22:34

Гаўраў Шрывастава выступае на канферэнцыі па харчовай бяспецы Атлантычнай рады. 2022 год. Скрын відэа: SrivastavaFamilyFoundation / YouTube

Як піша The Wall Street Journal, справа аб махлярстве расследуецца ў дачыненні да Гаўрава Шрывастава (Gaurav Srivastava), які нарадзіўся ў Індыі ў 1990 годзе. Гэтая гісторыя нагадвае гісторыю беларускага «ябацькі лейтэнанта Шміта», толькі ў памножаным на тысячу варыянце.

Па грын-карце мужчына прыехаў у ЗША, дзе ў 22 гадоў паступіў ва Універсітэт Паўднёвай Каліфорніі, які так і не скончыў.

Перад прамежкавымі выбарамі 2022 года ў ЗША Шрывастава ўклаў грошы ў кампаніі Дэмакратычнай партыі. Па даных Федэральнай выбарчай камісіі, толькі сенацкаму дэмакратычнаму камітэту (Senate Majority PAC) ён ахвяраваў 500 тысяч долараў.

Усяго ж на патрэбы дэмакратаў мужчына пералічыў больш за 1 мільён долараў. Акрамя гэтага каля мільёна долараў Шрывастава накіраваў на правядзенне канферэнцыі Атлантычнай рады па харчовай бяспецы, што прайшла на Балі.

Па інфармацыі выдання, буйныя ахвяраванні ў кампаніі дэмакратаў дазволілі Шрывастава сфатаграфавацца з прэзідэнтам Байдэнам і сустрэцца з заканадаўцамі ад абедзвюх партый.

У Лос-Анжэлесе Шрывастава адкрыў офіс, надаўшы яму выгляд урадавага будынка. Офіс павінен быў стаць штаб-кватэрай прыватнай вайсковай кампаніі Unicom Worldwide. Мужчына расказваў, што Unicom будзе адпраўляць войскі ў розныя куткі зямлі, збіраць разведданыя, распаўсюджваць уплыў ЗША і атрымліваць фінансаванне за кошт продажу прыродных рэсурсаў.

Кіраўніком сваёй вайсковай кампаніі ён абраў амерыканскага генерала Уэслі Кларка (Wesley Clark), які ў 1990-х гадах кіраваў аперацыяй НАТА ў Югаславіі.

Грошы на ПВК і ахвяраванні Шрывастава атрымліваў арганізуючы ашуканскім схемам. Сваім партнёрам ён расказваў, што з 16 гадоў з'яўляецца сакрэтным агентам ЦРУ.

Махлярскія схемы

Як піша выданне, праз аднаго са знаёмых Шрывастава пазнаёміўся з ветэранам спецназа з Аўстраліі Горданам Канроем (Gordon Conroy), які меў у Сінгапуру сваю прыватную вайсковую кампанію Unity Resources Group.

У 2020 годзе яны разам лёталі ў Лівію на прыватным самалёце, дзе сустракаліся з высокапастаўленай службовай асобай з узброеных фарміраванняў, звязаных з Расіяй, якія кантралявалі ўсход краіны. Па чутках, Шрывастава з партнёрам прапаноўвалі паслугі сваёй ЧВК у абмен на доступ да гандлю нафтай. Але паездка скончылася нічым.

У тым жа годзе ў Ваёмінгу (ЗША) Шрывастава зарэгістраваў сваю кампанію па аказанні паслуг бяспекі пад назвай Unity Resources Group.

У пачатку 2022 года Шрывастава сустрэўся з генералам Кларкам і прапанаваў яму стаць дарадцам па міжнародных справах.

Па словах генерала, адной з яго першых задач была паездка ў Судан для арганізацыі экспарту золата з капальняў, якімі нібыта валодаў Шрывастава.

Кларк распавёў, што вёў перамовы з суданскім генералам Махамедам Хамданам Дагала (Mohamed Hamdan Dagalo). Генерал прасіў аб дапамозе ў падрыхтоўцы сваіх падраздзяленняў, якую Шрывастава абяцаў правесці.

Золата на экспарт так і не пайшло, але махляр атрымаў каля 3 мільёнаў долараў ад суданскага генерала, уражанага тым, што Шрывастава прадстаўляе ЦРУ.

Як піша газета, індыец, называючы сябе агентам ЦРУ і дэманструючы здымак з Байдэнам, аказваў ціск на бізнесменаў і вымагаў у іх буйныя сумы.

У прыватнасці, адной з ахвяр Шрываставы стаў нідэрландскі нафтавы бізнесмен Нільс Трост (Niels Troost), кіраўнік энергетычнай гандлёвай кампаніі Paramount Energy & Commodities SA.

Кампанія Троста амаль тры дзесяцігоддзі гандлявала расійскай нафтай, але пасля пачатку вайны ва Украіне і санкцый Еўрасаюза з гэтым узніклі цяжкасці.

У інтэрв'ю выданню Трост расказаў, што даверыўся кіраўніку нафтавай кампаніі з Уганды, які пазнаёміў яго Шрываставам. Па словах Троста, індыец абяцаў яму дапамагчы абысці санкцыі і працягнуць гандаль расійскай нафтай у рамках праграмы, ухваленай ЦРУ.

Паводле інфармацыі выдання, Шрывастава настаяў на тым, каб Трост прадаў яму палову сваёй кампаніі. У выніку ў ЗША была створана даччыная кампанія Paramount. Ёй матчына кампанія выдзеліла крэдыт у 6 мільёнаў долараў. Новы кампаньён паведаміў Тросту, што гэтыя грошы яму патрэбныя для пакрыцця выдаткаў.

«Ён ніколі не паказваў, на што трацяцца грошы», — сказаў Трост у інтэрв'ю выданню.

Шрывастава таксама пераканаў бізнесмена выдзеліць 51 мільён долараў інданезійскай кампаніі ў якасці інвестыцый у біяпаліва. Затым гэтыя грошы былі адтуль выведзены. Частка з іх ашуканец выдаткаваў на куплю вілы за 24,5 мільёна долараў, частка — на ахвяраванні Дэмакратычнай партыі.

Агенты ФБР у Лос-Анджэлесе пачалі расследаванне ў дачыненні да Шрываставы восенню мінулага года. Махлярскія схемы мужчыны, якія выявіліся, прывялі да таго, што дэмакраты замарозілі або вярнулі атрыманыя ад яго ахвяраванні.

Як заўважае выданне, гісторыя Шрываставы паказвае, з якой лёгкасцю смелы чалавек з грашыма — у тым ліку патэнцыйна і шпіён — можа атрымаць доступ да самых уплывовых людзей Вашынгтона.

«Ябацька лейтэнанта Шміта», які вадзіў за нос міліцыю і Саўмін, трапіў у СІЗА

Сэкс-вымагальніцтва: інстаграм выдаліў дзясяткі тысяч уліковых запісаў

Махляры міжнароднага кол-цэнтра падманулі людзей на мільён еўра. Затрыманні праводзіліся ў Малдове, Румыніі і Украіне

Антось Жупран