У Маскве школьныя лінейкі пройдуць у памяшканнях. І бацькоў на іх не пусцяць

Святочныя лінейкі, прысвечаныя пачатку навучальнага года, у Маскве будуць праводзіць не на вуліцы, як звычайна, а ў памяшканнях. Пра гэта РБК паведамілі трое настаўнікаў маскоўскіх школ. Навучальны год у гэтым годзе пачнецца 2 верасня, як і ў Беларусі.

30.08.2024 / 09:07

Ілюстрацыйнае фота

Аналагічную інфармацыю бацькам паведаміла дырэктар школы ў Някрасаўцы на паўднёвым усходзе Масквы Мая Булаева.

«Сёлета фармат будзе некалькі нетрадыцыйным: усе лінейкі, у тым ліку і сама галоўная лінейка для першых і 11 класаў, пройдуць у памяшканнях. Гэта, я думаю, будзе зроблена абсалютна ва ўсіх школах нашага горада», — сказала яна.

Пры гэтым бацькі на лінейках прысутнічаць не будуць. Па словах дырэктара, гэта звязана з бяспекай дзяцей, а школа будзе весці анлайн-трансляцыю мерапрыемства. Першы ўрок у школе пачнецца з «Размовы пра важнае», адзначыла Булаева.

Пра перанос лінеек у Маскве ў закрытыя памяшканні таксама паведаміў тэлеграм-канал Baza.

Па словах настаўніка гісторыі школы ў Зеленаградзе Аляксандра Оджа, гэта рашэнне прадыктавана «пытаннямі бяспекі». Іншы настаўнік маскоўскай школы паведаміў, што фармальна правядзенне лінейкі ў памяшканні тлумачаць занадта гарачым надвор'ем.

У іншых рэгіёнах Расіі фармат святочных лінеек таксама будзе зменены.

Так, прэс-служба губернатара Растоўскай вобласці Васіля Голубева 24 жніўня паведаміла аб рашэнні правесці ўсе лінейкі ў закрытых памяшканнях. Такое ж рашэнне прынялі ўлады Бранскай вобласці.

У абласцях, якія мяжуюць з Украінай, навучанне будзе ісці па змяшанай сістэме.

Nashaniva.com