Дзясяткі ўкраінскіх вайскоўцаў бачаць па начах незразумелыя зялёныя прамяні. Што гэта такое?

Зялёныя прамяні бачылі на розных участках фронту. Адкуль яны ўзяліся і наколькі небяспечныя?

30.08.2024 / 11:26

Зялёнае святло лазернага цэлепазначальніка Zala Z-16IRQ-V/L. Фота: serhii_flash / Telegram

У апошнія дні ў розных пабліках украінскія вайскоўцы дзеляцца паведамленнямі і здымкамі, на якіх відаць прамяні святла зялёнага колеру, якія ўначы свецяць на пазіцыі проста з неба. Часам гэты прамень суправаджае прасоўванне тэхнікі. Усё гэта адбываецца ў абсалютнай цішыні.

Як выявілася, зялёны прамень — вынік працы цеплавізара з камерай і лазерным цэлепазначальнікам Zala Z-16IRQ-V/L, які ўсталяваны на расійскіх беспілотніках (хутчэй за ўсё тыпу Z-16).

Цеплавізар з камерай і лазерным цэлепазначальнікам Zala Z-16IRQ-V/L. Фота: сайт вытворцы zala-aero.com

Як піша Defense Express, гаворка ідзе пра сур'ёзную небяспеку. Пасля таго, як пэўнае месца будзе падсвечана, трэба чакаць нанясення па ім удару. Лазернае падсвятленне выкарыстоўваюць для навядзення боепрыпасаў з паўактыўнымі лазернымі галоўкамі. Гэта могуць быць як артылерыйскія снарады, так і авіяцыйныя ракеты ды свабоднападаючыя карэктаваныя авіябомбы (КАБы). Дакладнасць навядзення не залежыць ад сродкаў РЭБ, бо снарад ляціць у пункт, які стварае прамень лазера.

Спецыялісты заўважаюць, што звычайна лазерны прамень для асвятлення цэлі нябачны ў аптычным спектры, паколькі спектр яго выпраменьвання знаходзіцца ў інфрачырвоным дыяпазоне. Чаму ў выпадку расійскіх сістэм ён бачны, што з'яўляецца дэмаскавальным фактарам, незразумела.

Гэты недахоп стварае дадатковую небяспеку для асабовага складу, які, пабачыўшы дзіўнае свячэнне, пакідае ўкрыцці, каб лепш яго разглядзець.

Украіна ўпершыню прымяніла ракету-дрон «Паляныця»

Дазвол Украіне запускаць брытанскія ракеты Storm Shadow па Расіі блакуюць ЗША

ЗША абсталююць самалёты F-16 для Украіны сучаснай зброяй

У Аўстраліі прадставілі самую моцную ў свеце партатыўную лазерную зброю супраць дронаў

Nashaniva.com