Пуцін упершыню едзе ў краіну, якая з'яўляецца ўдзельніцай Рымскага статута і фармальна павінна яго арыштаваць
Але ў Крамлі не баяцца. «У нас выдатны дыялог з нашымі сябрамі ў Манголіі», — мяркуе Дзмітрый Пяскоў.
30.08.2024 / 13:05
Уладзімір Пуцін падчас інтэрв'ю Такеру Карлсану. Фота: Gavriil Grigorov, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP
У Крамлі «няма перажыванняў» наконт таго, што Манголія, куды 3 верасня з візітам паедзе прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, — удзельніца асноватворнага дакумента Міжнароднага крымінальнага суда, паведаміў прэс-сакратар кіраўніка дзяржавы Дзмітрый Пяскоў, паведамляе РБК.
«У нас выдатны дыялог з нашымі сябрамі ў Манголіі», — адзначыў ён, дадаўшы, што «ўсе аспекты візіту старанна рыхтаваліся».
У сакавіку мінулага года Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт Пуціна і дзіцячага амбудсмена Марыі Львовай-Бяловай, якіх падазраюць «у незаконнай дэпартацыі насельніцтва (дзяцей) з акупаваных тэрыторый Украіны».
Крэмль назваў рашэнне суда неадпаведным з прававога пункту гледжання, паколькі Масква не знаходзіцца пад юрысдыкцыяй гэтай інстанцыі.
Манголія далучылася да Рымскага статута, і тэарэтычна Пуціна могуць так арыштаваць.