Беларусам не трэба будзе здаваць біяметрыю пры ўездзе ў Расію

У Расіі пачынаецца эксперымент па здачы біяметрыі на мяжы.

30.08.2024 / 14:11

Мяжа Літвы і Расіі. Фота: Sean Gallup / Getty Images

Эксперымент па здачы біяметрыі замежнікамі і асобамі без грамадзянства пры ўездзе ў Расію павінен прайсці ў два этапы.

На першым этапе замежнікі, якія ўязджаюць у Расію, будуць здаваць біяметрыю ў некалькіх пунктах пропуску — у аэрапортах Шарамеццева, Дамадзедава, Унукава і Жукоўскі, а таксама ў сухапутным пункце пропуску Маштакава на мяжы з Казахстанам.

На другім этапе для бязвізавага ўезду ў Расію замежнікі змогуць загадзя здаваць біяметрыю ў спецыяльным дадатку і падаваць заяву са сваімі звесткамі і інфармацыяй аб мэтах візіту, піша БелТА.

У праекце пастановы расійскага ўрада агаворваецца, што новая працэдура не закране грамадзян Беларусі, дзяцей да 6 гадоў, дыпламатаў і супрацоўнікаў дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў замежных дзяржаў у Расіі і членаў іх сем'яў, супрацоўнікаў міжнародных арганізацый і іх прадстаўніцтваў, акрэдытаваных у Расіі, і членаў іх сем'яў.

Калі эксперымент будзе прызнаны паспяховым, замежнікаў абавяжуць здаваць біяметрыю на пастаяннай аснове.

Nashaniva.com