«Мой крык быў падобны на лямант з фільма жахаў». Беларуска пайшла ў грыбы і наткнулася на трох мядзведзяў

Звычайны паход у грыбы ледзь не скончыўся сапраўднай трагедыяй. У ліпені мінчанка Вольга разам з сям'ёй адправілася збіраць лісічкі ў Крупскі раён і сутыкнулася з дзікімі жывёламі.

30.08.2024 / 16:59

Фота: murguia / photography / Getty Images

Цяпер пра тую сустрэчу дзяўчына расказвае з усмешкай, але тады ёй дакладна было не да смеху, піша Onliner.

«Падняла галаву і за 20 метраў ад сябе ўбачыла мядзведзіцу»

Вольга час ад часу разам з мужам ездзіць збіраць грыбы. Месцы выбіраюць розныя, але ў той дзень вырашылі з'ездзіць у Крупскі раён.

«Спачатку ішла па лесе разам з сынам, але пасля мы падзяліліся. Грыбоў тым разам было мала, таму я ўвесь час глядзела ўніз, каб нічога не прапусціць.

У нейкі момант я падняла вочы і прыкладна за 20 метраў ад сябе, у ярку, убачыла кучу, якая варушылася, і ад нечаканасці войкнула. Падумала, што дзікі, але тут з пухнатай масы да мяне павярнулася мядзведжая галава. Аказалася, што гэта мядзведзіца, побач з якой былі медзведзяняты. Я іх, мяркуючы па ўсім, пабудзіла», — успамінае Вольга.

Жанчына спачатку хацела ўцячы, але падумала, што гэта толькі больш прыцягне ўвагу мядзведзіцы.

«Тут я ўбачыла, што медзведзяняты ўцяклі прэч, а сама мядзведзіца нясецца на мяне. Што было рабіць? Па-першае, падумала, што мне хана, а па-другое, пачала ўспамінаць рэкамендацыі. Так я і думала, стоячы на месцы, нават забылася пра свой нож на поясе. Мядзведзіца падбегла і стала на заднія лапы. З маім ростам у 168 см яна была вышэй за мяне на галаву. У выніку я проста расставіла рукі і інстынктыўна закрычала, уклаўшы ў крык усю сваю моц. Мядзведзіца, мяркуючы па ўсім, такому здзівілася і пабегла за медзведзянятамі.

Асцярожна азіраючыся, я пабегла з гэтага месца. Паралельна тэлефанавала мужу, але ў яго ўвесь час было занята. Аказалася, яму набіраў сын — ён пачуў мой дзікі лямант. Як ён пазней сказаў, крык быў падобны на лямант з фільма жахаў. Ну а муж сказаў, што любы дзікі звер уцякае, калі чуе чалавека».

Фота: Анлайнер

Вольга кажа, што ёй пашанцавала: яна абышлася толькі спалохам. «Прыехалі дадому, адзначылі шампанскім мой другі дзень нараджэння, і ўсё было выдатна», — успамінае жанчына.

Назву мясцовасці, дзе сустрэла мядзведзя, Вольга не запомніла. У памяці захавалася толькі вёска Прошыка, міма якой сям'я ехала ў грыбы. Егер размешчанага ў гэтым раёне заказніка «Сялява» расказаў, што канкрэтна ў гэтай мясцовасці мядзведзяў ніколі не сустракаў, але ў Крупскім раёне яны водзяцца, і прэса ў бягучым годзе пра гэта ўжо пісала.

«Калі сустрэў мядзведзя, трэба гаварыць басам і павольна адыходзіць назад»

Выпадкі, калі беларусы нечакана сустракалі мядзведзяў у лесе, добра вядомыя. У 2023-м жыхарка Бараўлянаў убачыла мядзведзя проста падчас прагулкі па лесе побач з жылым масівам. У тым жа годзе мядзведзяў сустракалі ў Лагойскім раёне, у Калодзішчах.

Як сябе трэба паводзіць пры сустрэчы з мядзведзем, расказаў старшы навуковы супрацоўнік Бярэзінскага біясфернага запаведніка, магістр прыродазнаўства Аляксандр Рак.

«Калі сустрэў мядзведзя, сапраўды трэба гаварыць. Толькі не тонкім пісклявым голасам, а басам. Акрамя таго, трэба па сваіх слядах акуратна адыходзіць назад. Але самы ідэальны варыянт — пазбегнуць сустрэчы з мядзведзем. Каб яе не здарылася, трэба абазначаць сябе шумам: пляскаць у ладкі або свістаць. Так жывёліна цябе пачуе і пойдзе».

Каб уратавацца ад мядзведзя, беларусу прыйшлося прасядзець на дрэве тры з паловай гадзіны

Мядзведзі атакуюць вёскі ў Барысаўскім раёне

«Мядзведзь асабіста збіраў?» У Беларусі знайшлі маліну па шалёнай цане

Цікаўны мядзведзь «патруляваў» мяжу Літвы з Беларуссю ВІДЭА

Nashaniva.com